Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 194
Павел Андреевич Мисько
Зразумеў канчаткова: уцячы адсюль будзе нялёгка і няпроста. А як падаць пра сябе вестку на волю? Каб трапіла ў рукі Раджу ці Натачы, або Абдуле… Каб ведалі, што жывы, ведалі, дзе знаходзіцца… «На чарпалцы-саўку надрапаць каменьчыкам пісьмо, даць у зубы Бобі або Дзіку — хай плыве… — і сам пасміхнуўся са свае наіўнасці.— Куды паплыве, да каго? Як уталкуеш дэльфіну, дзе Рай, хто такі Радж? Так бывае толькі ў фантастычных кніжках, а не ў жыцці. Ды як адсюль выбрацца дэльфіну, калі ён баіцца нават блізка падплываць да выхаду… Бутэльку з запіскай… Ці некалькі бутэлек… Адсюль жа павінен быць нейкі сток вады. І ў час адліву вада адыходзіць, паніжаецца…» Але і гэты спосаб высмеяў. Ну, дзе возьмеш бутэльку, паперу, чым напішаш? І да каго хутчэй яна трапіць? Толькі сябе выявіш, пачнуць шукаць… А то яшчэ і не так бывае, Радж у газеце чытаў, што нядаўна вылавілі бутэльку, якую ў мінулым стагоддзі кінулі маракі, церпячы караблекрушэнне. Больш за сто гадоў праплавала, а нікому не трапіла ў рукі!
От каб што-небудзь такое прыдумаць… Якое нікому нічога не гаворыць, а толькі Раджу, Натачы ці Абдуле… А што?
Пачаў здзіраць з сябе мокрае адзенне, каб павыкручваць штаны, рубашку. Злазіў у ваду, і зноў пачало калаціць ад холаду.
Круціў штаны — намацаў у кішэні складанчык з абламаным лязом. Узрадаваўся, быццам трапіла ў рукі немаведама якая зброя. Натачын зломак… І як ён трапіў у кішэню? Выкруціў штаны, зноў сунуў ножык у кішэню… А ногі якія «прыгожыя»! Да самага паху ў кровападцёках, драпінах, сіняках.
Рубашка прыстала — ледзьве садраў. І толькі садраўшы, заўважыў, што знялася з рубашкай і тая «блузка», што адарвала Натача ад сваёй сукенкі, і майка. А ён ужо і забыўся пра гэтую «блузку»!
Раз'яднаў адзежыны, выкруціў кожную паасобку. І зноў дзівіўся, разглядваючы сябе. Кровападцёкі былі на ўсім целе, на руках. А правы рукаў рубашкі быў крыху адарваны, з падолка вырваны і целяпаўся кліночак. Пачапаў яго, месцячы да дзіркі, прыгладзіў.
І раптам прыйшла простая думка. Ён падзярэ на кавалачкі рубашку, пусціць іх у ваду. Можа, колькі штук выплыве, мо каторы трапіць на вока Раджу. Брат абавязкова ж будзе шукаць яго, жывога ці мёртвага, і не толькі ў возеры, а і ў моры каля берага. Ён павінен здагадацца пра гэтую пячору, пра сцёк з возера ў мора.
«Не, лепш блузку парву… Яна больш яркая, лягчэй лапік заўважыць… І матэрыя больш арыгінальная, а такіх рубашак — тысячы. Натача пазнае лапік са сваёй сукенкі, калі Радж не здагадаецца…»
Прайшоўся ўправа, за правады, вобмацкам назбіраў ашмоцця водарасцяў пры беразе. Напрыбівала з волі, а мо і ў пячоры растуць, на выхадзе? Паробіць маленькія «лялькі», у кожную загорне і кавалачак водарасці. Будуць больш плывучымі… Навыцягвае з падолка і нітачак, паперавязвае згортачкі, каб не раскручваліся. Па-свойму паперавязвае, з трохпялёсткавымі банцікамі.
Плывіце ў белы свет, нясіце вестку на волю!
Мо з гадзіну ці больш падрамаў, накрыўшыся рагожай і прыхінуўшыся плечуком да сцяны. Балелі ад халоднага каменя сцегнякі, ныў хрыбетнік. Рагожа была сырая, аддавала цвіллю. Невядома, ці памагала яна сагравацца — мо адбірала цяпло, прасыхаючы ад цела. Трэба было забраць яе адсюль, можна скарыстаць калі не на бок, то пад бок — усё-такі не голы і слізкі камень. А крабы, пачуўшы цішыню, зусім сталі нахабнымі: поўзалі па нагах, спрабавалі ўскараскацца вышэй. І даводзілася іх адпуджваць ці адбрыкваць нагамі, глушыць ластам.