Читать «Трава і камень» онлайн - страница 3

Юсцінас Марцінкявічус

1963

СПРОБА ЗНАЙСЦІ

1

Я гэтай ноччу ад сябе уцёк, ад прыцягнення недарэчных рэчаў. Што прывяду з сабою ў свой куток? Чаго не маю — прагну з тым сустрэчы. Што было ўпору — душыць, як пракруст. Знікчэмнела — чым сам я быў заўсёды. Нібы на нечы вымучаны густ — адны і тыя захады і ўсходы. I так ціхмяна без далечыні. I так маркотна ў гэтакай ціхмені. О, да каго звяртацца: адчыні, што ад мяне схавалася ў зацьменні!..

2

А што я не маю —                            узруненай роўнядзі нівы ці горнасці неба,                з якім дзе калі гаварыў ганарліва? Ці, можа, не маю                           турботы штодзённай ці хатняга ўтулку —                              і ў хаце сцюдзёна? О не, я ўсё маю. Я поўны, як пляшка. Ды толькі гадзіны варушацца цяжка. Ды толькі спыняецца час,                       бы заважкую ношку наклалі. Ды толькі                зямля                         ападае,                                     як шаля.

3

        Утрымайце зямлю — трава для яе зелянее.         Утрымайце зямлю — для яе карагодзіць завея.         Утрымайце зямлю — і для захадаў, і для ўсходаў.         Утрымайце зямлю — для людзей і багоў, для іх згоды.         Утрымайце зямлю — хто яшчэ разумее         першародную мову надзеі.

4

Я гэтай ноччу ад сябе уцёк, ад прыцягнення недарэчных рэчаў. Што прывяду з сабою ў свой куток? Чаго не маю — прагну з тым сустрэчы. Па сцежцы ранняй я сябе дамоў прывёў плаціць задоўжаныя чыншы. Круцілася зямля, час цёк ізноў. Ды іншы ранак быў, і я быў Ды іншы ранак быў, і я быў іншы.                                              ІНШЫ

1963

***

Не сядзіцца ў маіх казках прынцу. Ён, дзівак, шукае іх працягу. Бедны прынц, ён голы, як той прынцып, Хоча наталіць шуканняў смагу. Смешны й добры, носіць ён у сэрцы Мудрасць, нібы кніжную старонку, Ды сысці з яе яму няймецца, Каб, як хлеб, раздаць сябе пароўну. Ды зямля, што выспела каменнем, Гоніцца бязлітасна за прынцам, Кпіць з яго на людзях і нязменна Ганьбіць прынцаў просты ўзнёслы прынцып. Ах, зямля! Не любіць яна казак! Хоць само жыццё мудрэй за казку. Дзівакі, хоць раз паверце сказу: Казка — гэта голай праўды маска!

1963

ПАКАЛЕННЕ

Альф. Малдонісу

Дзень паспеў для свайго перавалу. У пярэдадня — цяжкая столь. Навучаліся, як выпадала, праз нястачу, і радасць, і боль. I любоў апынулася вартай, і нянавісць займела цану. Мы знаходзім, знаходзім упарта чалавечнасць, а не ману. Да нялёгкасці першай — падробка. Не ржавее сталь праз вякі. Мы не можам быць паасобку: у нас толькі па дзве рукі. Мусяць сэрцы пільней ашчаджацца. Блізка восень, і з ёй наставаць найвялікшаму ў свеце мастацтву — да астатку сябе аддаваць. Абы ярка свяціць!..— хай сажа уядаецца ў плоць і косць... А заўсёды і ўсюды пакажа цень дакладна, бы компас: ты ёсць.