Читать «Трава і камень» онлайн
Юсцінас Марцінкявічус
ЮСЦІНАС МАРЦІНКЯВІЧУС
ТРАВА I КАМЕНЬ
Трава і камень: Вершы. З літоўскай.— Мн.: Маст. літ., 1981 — 159 с., 1 л. партр. (Паэзія народаў СССР)
Рэдактар Н. I. Тулупава.
Мастак М. А. Вецік.
Мастацкі рэдактар У. М. Якунін.
Тэхнічны рэдактар Л. М. Шлапо.
Карэктар Т. В. Трубач.
КРЫЛАТЫЯ СОСНЫ
БЕЛАЯ БЕСТУРБОТНАСЦЬ
Белым-бела ўсё навокал, белым-бела! Паміж небам і зямлёй расталі межы. Бестурботна снег палотны свае сцеле, Вее радасцю ягоны подых свежы. Я прыжмуруся, ўпаду ў сумёт дзе-небудзь, Як пад сонцам, расхіну наросхрыст грудзі — Хай пальецца белізна мне ў сэрца з неба Бестурботнасцю пяшчотнай і бясконцай. 1958
ПЕРШЫ ТРАКТАР
Цені клаліся на паплавы, чэзлі сонца барвяныя блікі. Урачыста над цішаю плыў гул званоў, што на пацеры клікаў. А ў ваколіцы дню наўздагон першы трактар гурчаў дзелавіта. Людзі беглі, забыўшы пра звон, каб дзівосным тым дзівам дзівіцца. I ў гурчанні матора глухім звон свой голас нашчэнт замарудзіў: можа быць, першы раз перад ім шапкі скінуць забыліся людзі. 1956
ЗАХАД
Ніколі не бачыў Такога прыгожага захаду сонца. I ў светлым настроі такім Я ніколі не быў. Рассеяліся ўжо на ўсходзе Грымотныя хмары, I сэрца нарэшце Знайшло супакой, Здаецца, нібыта я змог Разгадаць таямніцу, Якая патрэбна для ўсіх I святая для ўсіх. Не ведаю толькі: Ці хопіць жыцця, Каб паспець мне пра гэта Хоць трохі сказаць. 1958
***
Хачу гаварыць пра зямлю, Ды слоў не хапае ў мяне, Таму гаварыць буду словамі іншых. Я чуў, пра зямлю гаварылі «мая». I людзі, сціскаючы зубы, Ад ворагаў і ад сяброў баранілі Змест гэтага слова. Я чуў, як маліліся людзі зямлі I ў шчырых малітвах прасілі: «Ты, родная наша матуля-зямля, Нас накармі, апрані нас». Я чуў, пракліналі людзі зямлю, I ў гэтых праклёнах бяссільных Спрадвечнаю скаргай гучала жальба: «Не маці ты — мачыха злая». Я чуў, называюць «нашай» зямлю, Аб ёй прыгажэй і не скажаш. Бо ў слове тым «наша» змяшчаецца больш, Чым скажа нам слова «мая». 1956
ЗАМЁРЗЛАЕ МОРА
Мора сцюдзёнае і нежывое — Быццам твар хворага, Забінтаваны белай павязкай. Няма вачэй — I не відаць яго дум. Няма губ — I не чуваць стогну. I няма твару — Толькі белая павязка. На беразе чайкі Мітусяцца і крычаць, Што мора памерла, Што пакінула іх. 1961
ВЯСНА
Далёка Па зямлі, што ў смузе веснавой падсыхае, Дзяўчынка бяжыць. Ёй, напэўна, семнаццаць гадкоў, I ёй нельга не бегчы. Валасы з паркалёвай сукенкай Трапечуць, як сцяг. А зямля, што чакае сяўбы,— Ёй мільёны, мільярды гадоў,— Як зярняты ў сябе, Ногі белыя гэтай дзяўчынкі прымае. Яшчэ ўсё так далёка — Дык адкуль гэта радаснае прадчуванне ўраджая?