Читать «Трава і камень» онлайн - страница 14

Юсцінас Марцінкявічус

1966

ДЗВЕ ЖАНЧЫНЫ

Дзве жанчыны мне гаварылі праўду: «Любы... Дарагі... Адзіны!» Дзве жанчыны мяне лаялі з любоўю. Дзве жанчыны моўчкі мяне папракалі. Дзве жанчыны мне ўсё даравалі. Дзве жанчыны мною ганарыліся. Адна з іх была мая маці. Другая — маці маіх дзяцей.

1967

НА ЗОЛКУ

Золкам зляцелі дзве птушкі. За ноч падцягнуліся травы. Абдымі мяне і трымай. Белыя рэкі і рукі цякуць праз мяне лагодна. На золку ў дзіцячай калысцы доўгае дрэмле жыццё. I ценяў няма. Зямля прылятае з гаямі, пагоркамі і гарадамі і падае ў стоме да ног. Прыйдзецца ўстаць, каб падаць ёй вады і хлеба.

1967

ЛЕТА

Спевы птушак поўняць галаву. Галасы іх пераймаць я ўмею. Можа, паміж іх знайду свой голас? На зары казуля йшла праз лес, каб вады напіцца з ручая. Але ён засох. Засумавала. Калі мы, лянотныя, сядзелі апаўдня, над намі прамільгнуў каршуна вялікі чорны цень. Калі хочаце спытаць што-небудзь у мяне, спяшайцеся — бо я магу сыйсці.

1967

ВЫСЕЧКА ЛЕСУ

Вырываюць голле з неба, і застаецца прагала. Ля пня збіраюцца звяры і па яго кольцах, як з папірусаў, чытаюць гісторыю лесу. Гарыць агонь. Пахне пілавінне. Акрываўленая сякера. Журавіны кропля. Не будзем сячы гэтую асіну — маё дзяцінства шукае на ёй гняздо дзікага голуба. Малочная пена. Крывавая пена. Паўзе па моху вуж — вялікі ствол абрубленага дрэва. Вечарам прыляцелі птушкі. Абнялі голле кіпцюрамі і трымалі дрэвы, каб не ўпалі.

1967

РАНІЦА Ў ЛІТВЕ, ІДЫЛІЯ

Па полі, па полі коціцца сонца. Што будзем рабіць, мужчыны? Пазяхаюць жанчыны. Гнуцца калодзежныя жураўлі. Шафёры кураць: дарогі, як пружыны, яшчэ наматаны на колах. Пацягваецца возера. Варочаецца з боку на бок рэчка. Пах малака — па ўсёй зямлі. Бычыныя вочы крывёй наліліся: замычаў, падхапіў сонца рагамі і падкінуў угору. Усміхаецца ля дарогі драўляны бог: якія харошыя людзі, жывёлы і птушкі!

1967

АСЕННЯЯ АХВЯРА

Вось ужо сонца праз вокны хаціны не дасягае праменнем масніцы, нож на парозе вострыць мужчына, ставіць у печку гаршчок маладзіца. Час надышоў прынашэння ахвяры: ззяблай зямлі сны зімовыя сняцца, чэравам прагне яна свайго дару — цёплай крыві маладога ягняці. Лісце апала, сціх гоман птушыны, людзі, ды хлеб, ды зямля засталіся. Рукі ратаяў чакаюць спачыну, душы іх з працай сялянскай зрасліся. Працу й любоў да любімай айчыны неслі на поле з вялікай пашанай. Б’ецца ахвяра ў нагах у мужчыны, дробна трапечацца перад скананнем. Хлеў расчыняецца. Ногі жанчыны жвава мільгаюць. Гаршчок повен вару. Падаюць гронкі чырвонай рабіны. Сонца ўзыходзіць, прыняўшы ахвяру.