Читать «Трава і камень» онлайн - страница 15

Юсцінас Марцінкявічус

1966

ЛЯ ТРУНЫ

Што я скажу, рассыпаўшы словы і ўздыхі, пусціўшы звяроў і птушак на волю з грудзей сваіх. Трымаў у руках я крыштальны кубак, ды нічога ў яго не наліў. Што я скажу, усе разгубіўшы дарогі і на макаўках дрэў ні разу не звіўшы гнязда. Ля астылага вогнішча цені сыходзяцца. Ноч халодная, зорная. Па рэках святлівых плыве траваў і дрэў насенне, як душы, на бераг той. Чуваць — зачыніліся дзверы. Сем мячоў працінаюць маўклівае сэрца. Калі запытаюць, я, галаву пахіліўшы, правай рукой прыкладуся да грудзей тваіх. Калі запытаюць.

1971

ШЫПШЫНА

I ад жыцця ўсяго застанецца толькі адзін гэты момант, калі ты ў зялёныя вочы вечнасці будзеш глядзець. I высахлая шыпшына над стромай высокай і сопкай, дзе ўкленчыў мой цень, галаву пахіліўшы.                            Даруйце, даруйце, малю я, даруйце: я болей нічога не бачу.

1969

НАТХНЕННЕ

(Санет)

Натхненне, як распяцце, кожны раз нанова прыходзіць з горбам, цяжкім ды святым. I, поўны праўды, шчырасці, любові, прымаю гэты крыж, хоць падаю пад ім. У радасці жыццё сваё аддаць гатовы за птушак, за звяроў, за дрэвы, за людзей, за сонца ў сіняве, за спраўджанне надзей, за першае дзіцём прамоўленае слова. Галгофа творчасці! Свяцейшая з пакут! Пад цяжкай ношай валакуся ўпарта, да яснай зоркі мой пагляд прыкут — няўжо яна астыла, нібы трут, няўжо яна крыжа і мук не варта і ўжо дарэмны ўсе ахвяры тут?

1971

ІСНАВАННЕ

(Санет)

...І траве, і дрэву, й лёту птаха шкоды я ніколі не зраблю. Людзі, размнажайцеся без страху, засяляйце шчодрую зямлю! Безліч з’яў жыцця расце, як лава, што плыве з расколатай гары. Існавання вечнага праява, непагасным полымем гары! О Малох вялікі існавання! Што даеш — бярэш другой рукой. Знак, дзе сквапнасць дружыць з дабрынёй, знак, дзе стоен выбух палымяны, мы, хто рос і вырас нечакана, хоць часова, а завём Сабой!

1972

СТРАЧАНЫ ЧАС

Страчаны час, невыразны твар, што толькі на здымках захаваўся,— рэчышчы рэк, па якіх вецер цячэ прывольна, нібы вада, часам здаецца, што дрэвы ў яго парывах адбіваюцца, як нашыя твары ў пажаўцелых здымках. Страчаны час і нашыя адбіткі ў табе — нястрымная чарада аблок, што беззваротна ціха адплываюць за небасхіл! Нахмураны вечнасці лес, дзе блукаюць нашыя цені, не пазнаючы адзін аднаго, у пошуках агню забыцця, у якім яны маглі б згарэць. Незнаёмыя, бляклыя цені (гэта іх ад нас адкалоў хуткацечны імклівы век, пакідаючы нас, як рака старое рэчышча) — дзе ўзыходзіць сонца, як урна са страчаным часам, з яго яшчэ цёплым попелам.