Читать «Трава і камень» онлайн - страница 13

Юсцінас Марцінкявічус

1964

ПАЧАТАК ЭПАСУ

Нечакана выспела слова і слязой застрала ў горле. Аплачам сябе, аплачам. Камень. На камені — агонь. Над агнём — ястраб і голуб. Вечны агонь. Вечныя ястраб і голуб. Не вечны толькі камень — яму на змену прыйшлі бронза і жалеза. Азёры яшчэ былі безыменныя. Усе рэкі называліся «дунаямі». А дзеці гулялі з вужамі і — як сёння — пахлі малаком. Мужчыны выпальвалі прасекі ў лесе. Вечарамі яны напружана думалі пра ўсё, што бачылі ўдзень, імкнуліся знайсці прычыны і мэты. ................................ Сёлета раскапалі курган і ўсё, што знайшлі, другі раз пахавалі ў музеі. Калі ніхто не бачыў, я па старой звычцы аплакаў іх — другі раз.

1967

***

Ты, што міма праходзіш, я чую і бачу цябе, адчуваю твой страх, тваю стому, бо дарога крутая твая праз сэрца маё пралягае. Калі-небудзь, пры захадзе сонца, я хацеў бы паслухаць расказ твой — аб тым, якія пустыні, цясніны і горы, якія лугі, цаліну і пасевы, якія гарады ці іх руіны табе давялося прайсці. Магчыма, усё, што ты бачыў, было выбітае, спустошанае поле мінулых жорсткіх баёў...

1967

ПАКУЛЬ СПЯЦЬ ДЗЕЦІ

Кажу: пакуль яшчэ дзеці спяць, расці нам спяшацца трэба і з дзён, нібы з цацак, складаць казачныя палацы, дрэвамі іх абсадзіць з пладамі важкімі ведаў і, як карабель касмічны, буслянку на дах узняць. Пакуль яшчэ спяць дзеці, мы павінны спяшацца, каб прыручыць птушак — мары дзяцей, іх душы, усе расчыніць вароты і задушыць гадзюку, пакуль яе дзеці не бачаць. Пакуль спяць.