Читать «Трава і камень» онлайн - страница 12

Юсцінас Марцінкявічус

1966

БРАТ

Лепей давай памаўчым, можа, абодва ўбачым: п’юць ля калодзежа коні, пысы ўзнімаюць —                     падае з вуснаў вада. А на высокім схіле іх велізарныя цені. Гэтак заходзіць сонца. Бусел на даху. Як дзень прамінулы. Стаіць і глядзіць. Адчынены насцеж вароты — вяртайцеся ўсе дадому. Крокі — як дождж — усмакталіся ў глебу глыбока і непрыкметнымі жыламі ў студню прыбеглі. Вады зачарпні для мяне. Проста з вядра буду піць — дзень быў нялёгкі. Явар у цемры — як палец, пагрозліва ўзняты. Не бойся: нам толькі здаецца, што вечныя мы.

1967

СТАРАЯ АЗБУКА

Так робяць люльку, Хлеб расчыняюць. А так на хату Лес высякаюць. А так малоцяць. Так круцяць жорны. Так гасяць вапну. Так паляць горны. А так смяюцца. А так галосяць. Так ткуць палотны. Так пояс носяць. Так ладзяць сохі, Гартуюць зброю. I на вайну так Ідуць гурбою. Так, хто шчаслівы, З вайны вяртае, Так над магілай Сасна ўздыхае.

1967

РЭХА

Яшчэ калі-небудзь Выйду у лес пагукаць. А-у! Сам з сабою накрычуся і насваруся: А-у! Бярозы і елкі рознымі імёнамі назаву: А-у! Дамоў вярнуся добры, такі, нібыта з царквы. I ўзляціць на плячо маё голуб ласкавы. У руцэ прынясу я кавалак калючага дроту. Ці не ён гэта прывязаў мяне да жыцця? А-у!

1967

ВЕЧАР: АТАМНЫ СТРАХ

Дакладна не ведаю, Колькі трацілу цяпер прыпадае На кожнага з нас. Хоць добра вядома, што столькі, Колькі яго назапасілі недзе, З лішкам хопіць На кожнага з нас. Я дома адзін. Я сяджу. I куру. Вечарэе. Не рана. Час святло запаліць. Невысока, каб зручна было, Пры дзвярах невялічкая чорная кнопка. Можа, смешна, А я вось баюся, што выбухне раптам... Смешна, бадай, сапраўды. А што, калі выбухне? Лепш пачакаю. Хутка вернецца жонка. Хутка прыйдзе са школы дачка. I я, вярнуўшыся ў матрыярхат, Магчыма, здалею хоць некалькі                               тысячагоддзяў пражыць.

1967

УСМЕШКА НА ВУЛІЦЫ

Я доўга сачыў за адным чалавекам: ён стаяў на рагу і ўсміхаўся. Па вуліцы ехалі, людзі ішлі, а ён, адзінокі, стаяў і ўсміхаўся. Скажыце, ці ж гэта не дзіўна? Стаяць сярод белага дня і самому сабе усміхацца... Я сачыў за паглядам ягоным. Здаецца, нічога у ім не было. У аблічча ўглядаўся,— на стомлены і непаголены твар. Скажыце, ці ж гэта не дзіўна? Стаяць сярод белага дня і самому сабе усміхацца? Міжвольна і я усміхацца пачаў. Хоць дзіўна! А ну, паспрабуйце і вы спыніцца на вуліцы і без прычыны ўсміхацца самому сабе. Як добра, як добра ўсё ж! Пасля да яго падышоў я паціху: — Прабачце... Вы б мне адказаць не змаглі, чаго вам так смешна? Чаго? А ён на мяне паглядзеў і здзівіўся, усмешка прапала адразу: — Няўжо усміхаюся я? Вам гэта здалося... А зрэшты, што вам да таго? Пайшоў ён, а я на тым месцы спыніўся, ды толькі ўжо не ўсміхаліся болей ні ён і ні я.