Читать «Соль жыцця» онлайн - страница 3

Айзік Платнер

1956

У РАІ

На сонечнай вуліцы, сцежцы сухой, Вясеннія песні гучалі, Дзяўчынкі скакалі на ножцы адной — У «класы» яны тут гулялі. Напэўна глыбока задумаўся я. Што нават і сам не прыкмеціў, Што ўжо на сярэдзіне «рая» 1 стаяў, — Навокал смяяліся дзеці. Я сённячы з імі у гульні гуляў, Забыўшы пра розныя ўзросты, Скакаў на назе, жартаваў і спяваў, — Было ўсё так добра і проста. I думкі, што ўсюды хадзілі за мной, Цяпер адляцелі далёка. У гульнях дзіцячых знайшоў я спакой. I радасна стала навокал. Мяне не прагналі з гульні малышы, Хоць класы я ўсе пераблытаў. Наш рай на зямлі — то багацце душы У дружбе сяброўскай адкрытай. Якою-б дарогай жыццё ні вяло — Я з вернага курсу не збіўся. Цяпер прада мною любоў і святло. Цяпер я ў раі апыніўся.

1956

У ЛЕСЕ Ў ПАЧАТКУ ВЯСНЫ

Вясна, і павольна вылазіць ялінка З-пад снегу, нібы птушанё, Асмяглымі пальцамі ў снезе галінкі Сабе прарабляюць акно. Прыгожыя сосны шумяць паўз дарогі Па пояс у снезе. Цяпер без панчох Пад сонца падставілі зграбныя ногі, Ступенямі стаўшы на мох. Нядоўга ўжо снегу ляжаць — ён растане, А зараз сінее і чэзне штодзень. Ён заўтра паводкай вясноваю стане, I след яго брудны закрэсліць прамень. А птушкі здалёку дамоў прыляцелі, I пырхаюць парамі ў лесе яны, I ў гнёзды пуховыя сцелюць пасцелі, I грэюцца ў промнях ласкавай вясны. Сюды я прыйшоў для вялікай сустрэчы, Мяркую вытокі кахання знайсці. I сум адляцеў мой, бо ён недарэчы На сцежках квяцістых у светлым жыцці. I першага дожджыку прагнуць сасонкі, Іх волкае голле на ветры дрыжыць. Усё тут замоўкла — не чутна гамонкі, Зямля, як цяжарная, ў стоме ляжыць. Без шапкі між дрэў я стаю ў задуменні, Падставіўшы лоб свой пад свежы павеў. Пяшчотна яго абдымаюць праменні, I новы ў душы нараджаецца спеў. А сонца аж слепіць. Раз’ятраным жарам Зямлю ахінае і лес залаціць, Аж покуль сустрэне дажджовую хмару, Маланка заззяе, і гром загрыміць. На кожным пагорку, маленькай лагчыне, На ўзлессі і шыры бязмежных палёў Жыццё навальніцай вясенняю хлыне, — I ўсё заквітнее, адновіцца зноў.