Читать «Соль жыцця» онлайн

Айзік Платнер

АЙЗІК ПЛАТНЕР

СОЛЬ ЖЫЦЦЯ

Рэдактар М. Хведаровіч

Мастак Ц. Кіпніс

Тэхнічны рэдактар Я. Карпіновіч

Карэктар Г. Славінская

Пераклад з яўрэйскай мовы

Дзяржаўнае выдавецтва БССР

Рэдакцыя мастацкай літаратуры

Мінск 1957

АЙЗІК ПЛАТНЕР

Старэйшы яўрэйскі паэт Айзік (Ісак Хаімавіч) Платнер нарадзіўся ў 1895 годзе ў былой Сядлецкай губерні ў г. Сакалоў-Падляскі ў сям'і краўца. Працоўная дзейнасць А. Платнера пачалася вельмі рана. Некаторы час ён жыў у розных гарадах Літвы і прымаў удзел у рабочым руху. У пачатку 1921 года выехаў у ЗША. У 1932 годзе вярнуўся ў СССР, жыў у Мінску, актыўна супрацоўнічаў у перыядычным друку.

Вершы А. Платнер пачаў друкаваць у 1919 годзе. Першая кніжка «Аб чым дзень апавядае» выйшла ў 1930 годзе ў Н'ю-йорку. У 1935 годзе ў Мінску выйшла асобнай кнігай яго «Паэма аб краўцах», у 1940 годзе — «Сонца на парозе», у 1947 годзе — «З любоўю і верай», у 1948 годзе — «Самае дарагое» і шэраг іншых кніг. Вершы А. Платнера неаднаразова перакладаліся на рускую і беларускую мовы. У зборнік «Соль жыцця» ўвайшлі лепшыя паэтычныя творы А. Платнера ў перакладзе на беларускую мову.

Прысвячаю Дэборы

СОЛЬ ЖЫЦЦЯ

Не, любая, рана     Шукаць забыцця. А бель галавы —     Гэта соль, соль жыцця, Што хлебу жыццёваму     Смак надае, А хвалі на моры —     Магутнасць яе. Без смутку-ж няма     Весялосці нідзе, Бо цень-жа за сонцам     Спрадвеку ідзе. А ведаеш, горкія     Слёзы чаму? Не выплачаш іх —     Дык і цяжка таму. А выплачаш — стане     Святлей і лягчэй, I вочы вільготныя —     Шмат прыгажэй. Не, рана аб старасці     Нам гаварыць. Глядзі, увесь горад     Світаннем гарыць. Дзень творчае працы     Пачаўся вакол, Дыханнем магутным     Калышучы дол. У вокнах ад сонца     Аж плавіцца шкло, I тысячы кветак     На іх расцвіло. I верш мой, і дом,     Што будуецца нам, Усё застанецца     Наступным вякам. Жыццё — гэта ўсё,     Што вакол і з табой: Вясёласць, і смутак,     I твой непакой, I сонца, і дрэвы,     I радасць быцця, I бель галавы —     Гэта соль, соль жыцця. Ты кажаш, маршчынкі, —     Прайшла маладосць... Ну што-ж, наша часць     Ва ўсім зробленым ёсць. А сівыя скроні?..     Я рад іх любіць! Мінулага свет     Пад нагамі ляжыць. А новым праспектам,     Што сонцам услан, Імчыцца дзіця наша,     Быццам-бы лань. Сустрэне таго,     Каго стане любіць, І песня далей     На зямлі прагучыць.

КРЫНІЦА

Калі хто захоча напіцца вады, — Калодзеж капае глыбокі... Калодзеж я ў сэрцы капаў праз гады, Знайшоў там кахання вытокі. Жыццё, быццам кнігу, раскрыў і гляджу: Там з радасцю гора сплялося. Падобна да кропель вясновых дажджоў Каханне блішчаць засталося. Зямлю я шчаслівую прагнуў знайсці (Дзіцячых гадоў хваляванні), Не меў я нічога, а толькі у жыцці Валодаў адзіным — каханнем. Не радаснай тая часіна была, Дзень поснай суботы у хаце. I з плачам, за лішнюю крошку з стала. Шчыпала гаротная маці. Я ў сэрцы каханне тады захаваў, Каб нават не ведалі людзі. І штодзень вялікага прыйсця чакаў І верыў — яно яшчэ будзе. Мінула і знікла гадоў чарада, Мужнеў я і сіл набіраўся. Цяжкая, цярністая тая хада Была, каб назад не вяртаўся. На хвалях жыццёвых у змрок, у начы Я сцежак жыццёвых не зблытаў. Даплыўшы да шчасных сваіх далячынь, На бераг ступаю адкрыты. Натхнёны каханнем мой спеў не маўчыць, Сустрэўшы жыццёвы свой поўдзень; Ён, мне асвятляючы цемень начы, Праз нетры глыбінныя пройдзе. Здаралася, праўда, спыняўся мой спеў, Разбітая скрыпка змаўкала. Але-ж захаваць я каханне хацеў, Яно ратавала, натхняла. Як радасна мне, што каханне было, Як сонца,— нідзе не ржавела, Мяне гартавала, наперад вяло Заўсёды надзейна і смела. Пайду па жыццю і, як той багацей, Кладовішча чулага сэрца Я шчодра раскрыю на радасць людзей — Для іх яно песенна б’ецца. Калі хто захоча напіцца вады, — Калодзеж капае глыбокі... Крыніцу я ў сэрцы капаў праз гады, Знайшоў там кахання вытокі.