Читать «Соль жыцця» онлайн - страница 2

Айзік Платнер

1956

У ДАРОЗЕ

Зямля мая! Слаўная наша краіна!.. У ружовых світаннях — дымкі цягнікоў... Я рады, што заўжды завеш мяне сынам, Што еду па родных абшарах дамоў. Мяне сустракаеш ласкаваю гэткай, Быў верным табе я заўжды і ва ўсім. Хай вецер далёкі мне будзе за сведку: У сэрцы любоў да цябе я насіў. Дзень добры, айчына мая дарагая! У міры і ў шчасці заўсёды квітней... Я родную мову пачуў свайго краю, Убачыў пагляды зычлівых вачэй. Хвала тваім травам, вільготным ад росаў, Да іх прыхінешся — лягчэе цяжар... Табе я пад вечар свой смутак прыносіў, Каб пот асушыла, авеяла твар. Мільгаюць масты... Семафоры маячаць... Агні пазіраюць, як вочы, услед... Бы ў казцы забытае кніжкі дзіцячай, Знікае зімовы аснежаны свет. Праносяцца вёрсты... А іскры, як пырскі, Ляцяць ў наваколле... Імчыцца цягнік... Сустрэча ўжо блізка! Сустрэча ўжо блізка! I знікла адлегласць, і час ужо знік.

МАЯ ЎРАЧЫСТАСЦЬ

Старыя дарожныя боты Яшчэ не паспеў я змяніць, I дзень мне здаецца каротак, I ноч не дае цішыні. Гляджу я, раскрыўшы павекі, На ўзоры дзівоснай разьбы, Як быццам я роўна поўвека На вуліцы роднай не быў! Куды я свой позірк ні кіну, — Усюды адбітак падзей, Шле час, што ні крок, мне навіны, Ён сам, што ні дзень, маладзей. Здаецца, нядаўнюю ростань Прайшоў я абрывам крутым, А ўжо не дагнаць тыя вёрсты Нагам пастарэлым маім. Насустрач імчацца машыны, Вітаюць сябры на хаду. Сваю без памылкі мясціну Я ў руху жыццёвым знайду! Іду я, бадзёры, вясёлы, Схаваць не магу пачуцця, I колеры дзіўных вясёлак У зрэнках маіх зіхацяць. А лета пануе ўрачыста, Над пышнымі кронамі дрэў У небе празрыстым і чыстым Апошні прамень дагарэў.