Читать «Соль жыцця» онлайн - страница 5

Айзік Платнер

БАБІНА ЛЕТА

Асенняе сонца пяшчотна пячэ, У восень — лагоднае сонца яшчэ, Нібыта кабеты пяшчотнай любоў, Так цёплае сонца распальвае кроў. Яно садавіну кашамі нясе, I просіць: вазьміце, каштуйце усе. Кавалачкі яблык хрумсцяць на зубах, — Праменнаю фарбай набраклі ў садах. Пахучыя грушы і яблык янтар, I сінія слівы — вось сонечны дар. У сціртах капуста, гарой гарбузы — Трашчаць пад цяжарам на рынку вазы. У шоўкавых хмарках праменіцца даль, Ляціць павуціння празрысты паркаль. Звініць пазалотай і ясень, і клён; Як я, гэтым сонцам захоплены ён. Яно-ж закалыхвае водарам траў. Я гэтае сонца ізноў пакахаў.

Верасень — кастрычнік 1956

ГЕРОЯМ ПАЎСТАННЯ ВАРШАЎСКАГА ГЕТА

Чым рана старэй, тым балючай яна. Чым крыўда глыбей, тым нянавісць мацней; Кроў наша бушуе, ды не ад віна, Ад гора, якое кінжала вастрэй. Што словы спагады? Не вернуць яны Ахвяр, што аддалі народа сыны! Я спаць не магу. Пакідаю пакой, I дзверы і вокны бягу расчыніць. Мне душна, мне цесна пад важкай страхой, I сцены ламлю я нямых камяніц! Іх многа — не хопіць ім месца і тут! Мяне успаміны былога гнятуць, Загінуўшых кроў асляпляе мне зрок, Мне стукае ў сэрца апошні іх крок! Я чую ў іх голасе грукат грымот І заклік да ўсіх, хто жыве на зямлі,— То голас бацькоў, і братоў, і сірот, Што ў бойцы няроўнай касцямі ляглі. Дарогай бясстрашных у вечнасць ідуць I чумную топчуць нагамі брыду. Я чую ў іх голасе словы адны: Даволі забойства, крыві і вайны!

1956

ПЕСНЯ РАДАСЦІ

Па-над берагам Нёмана ціша плыве, Ходзіць статак па роснай зялёнай траве, Лес магутны пільнуе дрымотны спакой, — Толькі хвалі няспыннай бягуць чарадой, Нібы час, што не вернеш ніколі назад! Зіхаціць і плюскоча пад сонцам рака, Гэта — рух, гэта ўперад прасцёрта рука. Можа й ёсць гэты рух, гэты пенны каскад Найвышэйшага шчасця людскога сабрат? Не шукае рака ні спакою, ні сна — I шуміць, і бяжыць, і гамоніць яна, I нясе на срабрыстых сваіх грабянцах Бег гадзін, бег хвілін без канца, без канца... Я дыханнем жывых навальніц напаю Сваё сэрца і гэтую песню сваю: Я? Магу я ў звычайнасць гаворкі людской Кінуць голас хвалюючы, песенны, свой. Я іду — гэта крок мой цалуе зямлю. Я пяю — гэта я ўсё жывое люблю. Я жыву — гэту радасць шточасна, штодзень Носіць мой неразлучны, уласны мой цень. Жвавай хвалі шпарчэй зыркі погляд вачэй, Бліскавіц агнявых мая думка ярчэй. Я? Магу я паводак разлівы спыніць, Я магу між сабою дзве рэчкі злучыць, Я магу ўтаймаваць іх бурлівую плынь, Я магу іх узняць вышынёю плацін, — Каб на месцы тых рэк — мора сіні прастор Калыхаўся, асветлены полымем зор; I каб там, дзе пустэльні ляжаць без граніц, Хваляваліся нівы разлівам пшаніц. Па-над берагам Нёмана ціша плыве, Ходзіць статак па роснай зялёнай траве, Лес магутны пільнуе дрымотны спакой, — Толькі хвалі імчацца дарогай сваёй, Нібы час, што ніколі не вернеш назад! — З імі я, з імі шчасця майго далягляд!