Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 9

Райнэр Марыя Рыльке

ВУСЦІШНАСЦЬ

У звялым лесе крык, птушыны крык, бяздумным ён здаецца ў звялым лесе. I ўсё ж угрунтаваны круглы крык у мігу тым, з якога ўзнік, шырокі, нібы неба ў звялым лесе. Усё ўвабралася ў птушыны крык: увесь абсяг зямлі і ветру ўзмах, спакой бязгучнасці ў паветры, кароткі міг, што сам — працяг, што сам — прыціх і спрах, нібыта знае, чаму жывое памірае, прайшоўшы крыку нетры.

ЦІШЫНЯ

Чуеш, каханая, ўскрыліў я рукі... Чуеш ты шолахі іх... Можа, прадметы падслухалі рухі скрухі ў самотных сэрцах людскіх? Чуеш, каханая, веек шолах, у шэлесце іх — ты сама, чуеш, каханая, чуйны іх сполах... ...толькі цябе тут няма... Кожнага руху адлюстраванне ў цішы шаўковай відно; застыў несакрушальна, навек, на экране далечы немай — мой кожны парыў. Подых мой кожны ўздымае, калыша зоркі. Водар я п’ю, што прыйшоў з цішынёю. Бачу я вобраз далёкі — анёлкі. Думаю я пра цябе. Толькі ты не са мною.

СУЗІРАЛЬНІК

Па дрэвах бачу, іх вятры сякуць без жалю. Завіруха брынчыць у шыбы: нешта глуха вяшчае з далечы мне скруха. А што? — не зразумець без друга, не палюбіць мне без сястры. Ператваральная навала праз бор і час ідзе здаўна, нібы прыродзе веку мала, нібы, як слова ў псалме, стала жыццём і вечнасцю яна. Мы скрышым дробныя няшчасці, вялікія — пакрышаць нас! Калі б у сэрца буру ўкласці, мы сталі б волатамі страсці, Нічым і Ўсім у гэты час! Перамагаючы малое, драбнееш сам — нікчэмны плён. А Вечнае, а Небылое не йдзе самохаць у палон. Вось так анёл, біблейскі волат, з праціўнікам вёў гожы бой: ён сціснуў ворага штосілы і, нібы струны арфы, жылы, іх металічны востры холад, іх тонкі спеў адчуў рукой. Каго анёл адольваў, той выходзіў прасвятлелы з бою, удасканалены душой, магутны, ўсцешаны сабою. Ён не абражаны зусім, бо ён навучаны змагацца і моцы мужнага скарацца — і ў гэтым рост ягоных сіл.

АСЕННІ ДЗЕНЬ

Паспела лета, ўпёкся хлеб. Пара, мой бог, укрыць ад сквару дар прыроды і даць разгону восеньскім вятрам. Дай трошкі сонца на даспеў; яно — каб пырскаў сокам кожны плод румяны, яно — каб слодыччу быў кожны п’яны, каб цяжка-цягкае было віно. Бяздомны не агорае жытла, разлучаны не выб’ецца з самоты, пісаць пачне ці будзе без ахвоты бадзяцца між прысадаў ля святла па залацістых россыпах лістоты.