Читать «Санеты Арфею» онлайн
Райнэр Марыя Рыльке
РАЙНЭР МАРЫЯ РЫЛЬКЕ
САНЕТЫ АРФЕЮ
Санеты Арфею: Лірыка. /Выбраў і пер. з ням. мовы В. Сёмуха; — Мн.: Маст. літ., 1982.— 143 с., іл., 4 л. іл.— (Паэзія народаў свету).
Пераклад зроблены з выдання:
Rainer Maria Rilke
Werke in drei Bänden. Erster Band —
Zweiter Band. Gedichte
Insel-Verlag Anton Kippenberg, Leipzig, 1978
Ілюстрацыі ўзяты з кнігі:
Rilkes Leben und Werk im Bild. Bearbeitet von Ingeborg Schnack. Insel-Verlag, Wiesbaden, 1956.
Рэдактар H. I. Тулупава.
Афармленне У. M. Якупіна.
Мастацкі рэдактар Л. Я. Прагін.
Тэхнічны рэдактар Л. М. Шлапо.
Карэктар А. Т. Глушчанка
Рэцэнзент Уладзімір Папковіч
ПАКУТЫ I НАДЗЕІ ПАЭТА
Сярод паэтаў Захаду, якія выступілі са сваімі творамі на мяжы XIX—XX стагоддзяў, адно з першых месц займае выдатны аўстрыйскі лірык Райнэр Марыя Рыльке. Паэзія Рыльке вырасла на аснове ўнутранага засваення гуманістычных каштоўнасцей іншых культур — славянскіх і раманскіх. Шырокую канцэпцыю класічнай і сучаснай еўрапейскай культуры паэт супрацьпастаўляў нацыяналістычнай і шавіністычнай канцэпцыі тагачаснай Аўстра-Венгерскай манархіі.
Рыльке нарадзіўся 4 снежня 1875 года ў Празе, дзе прайшлі яго дзяцінства і дні юнацтва. Яго продкі былі чэхі. У адзінаццаць год будучага паэта бацькі аддалі ў кадэцкі корпус. Хваравіты і ўражлівы падлетак адчуваў сябе тут, як у турме. Хутка яго адлічылі за непаспяховасць і слабае здароўе. Але Рыльке настойліва вучыцца — паведвае Пражскі, а потым Берлінскі і Мюнхенскі універсітэты. Гэта дало яму магчымасць набыць грунтоўныя веды ў галіне мастацтва, літаратуры і моў.
Свае першыя вершы Рыльке напісаў у дзіцячыя гады. Яго паэтычным дэбютам быў зборнік «Жыццё і песні» (1894). Потым выходзяць зборнікі «Ахвяры ларам» (1895) і «Увянчаны марамі» (1896). У іх адчуваецца цесная сувязь паэта з жыццём чэшскага народа, з нацыянальнай паэтычнай традыцыяй. Акрэсліваецца сацыяльная і гуманістычная накіраванасць паэзіі Рыльке, якая будзе ўзмацпяцца з кожнай новай кнігай паэта.
Праўда, Рыльке быў супраць, каб у яго паэзіі шукалі сацыяльнасць. Ён хацеў, каб яго творы разглядвалі толькі ў этычным або эстэтычным плане. I ўсё ж скрозь самыя адцягненыя этычныя і метафізічныя пабудаванні ў паэзіі Рыльке выразна прагледжваецца сацыяльны пачатак.
Рыльке з’яўляецца аўтарам дзесяці паэтычных зборнікаў (лепшыя з якіх, хоць і не адразу, прынеслі яму сусветную вядомасць), шэрагу празаічных твораў, у тым ліку рамана «Запіскі Мальтэ Лаўрыдса Брыге», грунтоўнай манаграфіі пра Радэна, пранікнёных «Пісьмаў пра Сезана», перакладаў прозы і паэзіі.
Лёс Рыльке склаўся нялёгка. Неўладкаванае жыццё, поўнае матэрыяльных нягод і сямейных непаладкаў, прымусіла яго пакінуць зямлю продкаў і, падобна Байрану, Гейнэ, Міцкевічу, вандраваць па розных краінах Еўропы. Але не толькі беднасць гнала Рыльке з горада ў горад, з краіны ў краіну. Хваравітае адчуванне адзіноты, імкненне вырвацца з удушлівай атмасферы аўстрыйскага мадэрнізму, надзея знайсці «сапраўднае аблічча свету» былі галоўнай прычынай гэтага.
Духоўнай радзімаю Рыльке стала Расія, у якой ён пабываў у 1899 і 1900 гадах. Двойчы Рыльке наведваў Л. Талстога ў Яснай Паляне, ездзіў у Маскву і Пецярбург, падарожнічаў па Волзе і Украіне, жыў у сялянскага паэта С. Д. Дрожжына. Рыльке вельмі захапіўся старажытным рускім дойлідствам, сучасным яму рускім жывапісам і, асабліва, рускай моваю. Ён пераклаў на нямецкую мову «Слова аб палку Ігаравым», паасобныя творы М. Лермантава, А. Чэхава, Ф. Дастаеўскага і нават сам пісаў вершы па-руску.