Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 8

Райнэр Марыя Рыльке

***

I спяць яны, аддаўшыся той волі, што моўчкі іх бярэ, каб спажываць і змроку стынь, і золку свежы холад, І целаў іх спакутаваных голад. I падаюць дажджом яны паволі, каб з цемры — юнай плоднасці дастаць. I ўжо няма ад іх імя нічога на целе іх, гатовым прарастаць, як семя з семені, з якога ты здолеў з вечнасці калісьці ўстаць.

***

I целам кожны з іх — нібы жаніх, нібы ручай цячэ на ўлонні лета, жыве прыгожа ў харастве прадмета, і стомлены, цудоўны рытм у іх. У статнасці іх — слабасць, як адмета жаночых мук, чакаючы якіх, на ўлонні сораму ён зноў прыціх — жывы дракон з прытоеным імпэтам.

***

I будуць на зямлі пладзіцца людзі, і не сатрэ іх часу плынь у прах, і ўсцелюць злагадай зямныя грудзі, як ягады духмянасцю ў барах. Яны шчаслівыя; яны ў адчаі ад ліўняў не схаваліся пад дах, яны пажнуць яшчэ свае ўраджаі і пакаштуюць спеласці ў пладах. Яны навек прадоўжацца ў бяздонні за край багацця марнага зямлі і ўздымуцца высока, як далоні ад працы адпачылыя, калі усіх саслоўяў людзі знемаглі.

***

Узвысь іх з прорвы гарадской віны, дзе лютасць іх зняверыла, гібенне, бо кожны дзень у сумятні адны з цярпеннем раненым гараць яны. Няўжо ім месца на зямлі няма? Каму вятры? Каму празрыстыя крыніцы? Хіба і сажалка ўжо сніць дарма, каб даступіцца ў іх прытулак ніцы? Ім так нямнога трэба: ўкараніцца, а плоць, як дрэва, возьме ўсё сама.

***

О, дзе ж ты, Ясная? Чаму ніколі не распасцерла ты магутнай волі па-над надзеямі святла, дабра? Чаму не апраменіла юдолі, о ты, Вячэрняя Зара?

З «КНІГІ ВОБРАЗАЎ» (1902, 1906)

ІНІЦЫЯЛ

Аддай сваю нам прыгажосць, не разважаючы, што будзе. Маўчы. Яна адкажа: «Усё, што ёсць вялікае ўва мне, у кроў і ў плоць няхай ульецца людзям».

ПОСТУП

I зноў жыццё маё шуміць; глыбока у берагі паток яго адзеты. Зноў роднымі мне робяцца прадметы, зноў бачыць свет мяне сваім прарокам. Бязмоўнае ўспрымаю я шырока: калі ў святло завоблачнага краю у мроях птушкаю сягаю, калі прынадаю ў раку ныраю і, рыбкай схоплены, жыву.

СУР’ЁЗНАЯ ГАДЗІНА

Хто галосіць цяпер недзе ў свеце,         без прычыны галосіць у свеце,—         галосіць па мне. Хто смяецца цяпер недзе ў свеце,         без прычыны смяецца ў свеце,—         смяецца з мяне. Хто вандруе цяпер недзе ў свеце,         без прычыны вандруе ў свеце,—         ідзе да мяне. Хто канае цяпер недзе ў свеце,         без прычыны канае ў свеце,—         той бачыць мяне.