Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 45

Райнэр Марыя Рыльке

XIV Бачыш ты кветкі — вось верныя целам зямляне, мы іх адорваем лёсам сабе ж для акрас; хто гэта ведае? Каецца кветка, што вяне, каянне кветкі залежыць ад нас. Рэч прагне ўзлёту! А мы саматужна грувасцім груз чалавечы на плечы прыроды, хоць мы, нібы настаўнік настырны, не вучым, а засцім тым, каму шчасціць быць вечна дзяцьмі. Хай бы хто ўзяў іх у сон свой глыбокі, да рання спаў з імі разам... як лёгка было б з аднаго дня ў новы дзень перайсці ад нямога яднання. Хай бы застаўся і ў сне; цвілі б разам і ў лона вернутага мы хвалілі б як брата свайго пад абаронай агульназямнога закона. XV Калодзеж з нетраў, жыццядайны рот, што чысцінёй крынічыцца заўжды, ты — мармур маскі на вачах вады, што вільгаць струмкую сваіх шчадрот па акведуку шле сюды здалёк з круч Апенін паўз могільнік стары — тваёй гамонкі вечнай ручаёк, які чарноццем рыс тваіх згары бесперапынна ў амфару цурчыць. Ён — вуха з мармуру, якое спіць, а ты ўсё шэпчаш нешта зноў і зноў. Зямное вуха ён. З табою так зямля гаворыць. А падставіш гляк, і здасца — перабіў цячэнне слоў. XVI Зноў і зноў імкнёмся мы да Месца, што нас гоіць і завецца — бог, прагнучы да ісціны даўмецца, ды не ўсім даступны той парог. Бог прымае ў тайны свет няўзрушна нават чысты, асвячоны дар, сочачы спакойна і бяздушна за агоніяй сваіх ахвяр. Толькі мёртвы п’е у пачутай тут крынічнай рэчцы, як дазвол на гэта ёсць ад бога. Нам жа — толькі марны шум зямнога. Бомку гэтак вешаюць авечцы — на інстынкт разлічваюць яе. XVII Дзе і якія, шчаслівай расою акропленыя палеткі, дрэвы якія ці ўскрыленыя пялёсткамі дзіўныя кветкі родзяць плады суцяшэння? А ты найспялейшы знаходзіш плод пад нагамі на лузе ўтаптаным, дзе кожны дзень ходзіш сцежкай галечы сваёй. I кожны раз нанава з гэтага плода дзіву даешся ты: з велічы, з ядранасці, з кажуры цэльнай яго, далікатнай, з таго, што краса і пяшчота легкадумнасцю птушкі альбо ненасытных чарвей без пары не адабрана ў цябе. Ці ёсць дрэва пад кронай анёльскіх крылаў тайным садоўнікам пешчанае — каб намі яно не пладзіла, ці не належала нам, ці не было нашай плоццю сагрэта? Хіба не мог бы з нас, ценяў і схемаў, ніколі нідзе аніводзін спеласцю ранняй, заўчаснаю звяласцю нашых паводзін супрацьпаставіць сябе раўнадушнай бясчуласці лета?