Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 44

Райнэр Марыя Рыльке

X I дасягненні твае можа разбурыць машына, сцвердзіць захоча калі не ў паслушэнстве сябе, а ў пранікненні ў твой дух. Моц яна ўжо скрышыла: скобліць і рэжа метал, скалы, каменне дзяўбе. Нам ад яе не ўцячы, ў гонцы яна пераможа, шум ёй заводскі падай, а не зацішны двор; сёння ў машыне жыццё, лепей за нас яна можа новае гожа ствараць і разбураць свой твор. Нас яшчэ вабіць пакуль тая струменнасць, якою рух у вытоках жыве; верым жыццёвым дзівосам і спазнаём спакваля сутнасць — пакоры цаною. Невымоўнае ўсё — ў словах схавана яно... Музыкі вечны матыў з мёртвых дрыготкіх уцёсаў у беспрадметны прастор храм свой узнёс даўно. XI Многа стварыла ты, смерць, правілаў і запаветаў, што паглынаюць людзей, звеку, як сееш свой мор; лепей за пасткі ўсе, ветразь, цябс я ўведаў, ветразь, узняты пад столь к чорным пашчам пячор. Ціхенька ўзнеслі цябе, нібыта сімвал спакою, міру і свята. Але — часу не траціў лавец — цемра з пячоры ў святло кінула чорнай рукою жменю спалоханых птушак...                                              Іх згубны канец... Хай не кране гледача слабасць і жальба спагады, хай не кране і яго — выбраў удала ён міг, упільнаваў птушкалоў... Форма жалобы — забіць; часам і ёй мы рады... Чыстае ў нас саміх — дух наш, уселены ў кроў. XII Змены жадай у сабе. Будзь на кастрышча гатовы, каб сваёй форме быцця іншую форму надаць; вечна творчы твой дух ладзіць Зямнога асновы, бачыць пункцір у тым, што ўжо змагло паўстаць. Што ў канчатковым жыве, сцішную стыласць раджае, ці ж абароніць яго вечна жахлівая даль? Цвердзі цвярдзейшае ўжо з будучыні пагражае. Молат нябачны ўгары, молат падняты... на жаль! Хто, як крыніца, цячэ, той на прасторах пазнання з гордым уздымам ідзе к творча-ўзнёсламу Заўтра, дзе ўсё з канца ён пачне, дзе дасць пачатку канец. Ўсякі шчаслівы прастор — сын або ўнук расставання, ваш непазбежны шлях. Нават у вобразе лаўра Дафна адчуе галлём твой злагаднелы вятрэц. XIII Ростань пакінь за сабой, як зіму ледзяную, што яшчэ доўжыцца ў колкіх сіберных вятрах. Бо ёсць зіма без канца, ззімаваўшы якую, сэрца тваё перасіліла сцюжу і страх. У Эўрыдыцы будзь мёртваю... і з песнапеннем, з гімнам у чыстую сувязь уліся і тут, тут, сярод ценяў, у царстве астанкаў, трымценнем звонкага шкла адзвіні, бы ў асколках сасуд. Шклом будзь — і ўведай умовы быцця нежывога, ўздыму душэўнага ўведай прычыну, якога поўніцай большай не зведаць бясконцых асноў. Да скарыстаных, маўклівых запасаў прыроды, да яе звону сябе залічы назаўсёды з радасцю раз — і без ліку навекі вякоў!