Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 43

Райнэр Марыя Рыльке

V Мускул той, што зранку ў анемоне пружыцца, каб кветка расцвіла і ўвабрала ў водарнае ўлонне з неба паліфонію святла; завязь кветкі — мускул успрымання, часам так напружваешся ты, што і ў час апошняга змяркання ад залішняй жыццепаўнаты ледзьве здольваеш пялёсткаў крылы зноў згарнуць у першасныя чашы — колькіх светаў ты яднаеш сілы! Мы ж, магутныя, жывём дазвання. А калі, ў каторым з жыццяў нашых так раскрылімся мы для ўспрымання? VI Ружа, царыца красы, ты продкам далёкім — келіх, узніклы па волі тварца. Нам — дасканалая кветка з сэнсам глыбокім, твор, не спазнаны нікім да канца. Ззяеш багаццем пышнага ўбрання на ўбранні, цела тваё — толькі бляск, прыгажосць, толькі ж кожны пялёстак твой — адкіданне і адмаўленне вопраткі ёсць. Многа стагоддзяў нам водар салодкі твой быў самай салодкаю назвай расліны — славаю ён у паветры застыў. Сёння сапраўднага так і не знаем наймення, і мы вяртаемся зноў ва ўспаміны — перажываць непаўторнасць твайго імгнення. VII Кветкі, як блізкія вы тым рукам, чые пальцы рвалі і складвалі вас у пучок; кветкі на століку ў ціхай садовай альтанцы, ў ранах смяротных крывавіцца сок; вянучы і ў жыватворнай вільгаці ў вазе, вы лежыце і зусім знемаглі, прагнучы смерць адхіліць, што ў вас пачалася, дотыку рук, каб жыцця улілі большаю мерай, чым глеба ўлівала ўкарэнне; — вось вы ахоплены горлам збанка, шчыльна ўціскае ў яго вас пяшчотная жменя, вось апускае, сагрэўшы сабой вашы раны — вашу сарванасць зрабіла рука, смерць запыніўшы, цвіценнем буяным. VIII In memorial Эгана Рыльке Мала ўжо вас, супольнікаў гульняў дзіцячых, у гарадскіх чэзлых скверах са мной: там мы шукалі й знаходзілі ў дружбе ўдачы і, як ягняты з травой трапяткой, гутарыць моўчкі маглі. I бывала, радасць не збочвала з нашых слядоў. Сцерлася ўсё пад нагамі людзей і прапала у наплыванні трывожных, бясконцых гадоў. Ехалі міма чужыя карэты, навокал цвёрда стаялі старыя муры, камяніцы і не зважалі на нас. Што ўмяшчаў той Сусвет? Толькі мячы... I чароўнасць гарэзных падскокаў. Нават не дзеці... Часам хлапчо прабяжыцца, знікнуўшы ўмомант, за мячыкам пругкім услед. IX Не выхваляйцеся, суддзі, што дыбы й гароты лішнія сталі, што горлы не душыць сталь. Дзе ж узвышэнне душы? — калі курчам ляшчоты круціць часамі вам сэрца спагадлівы жаль. Што эшафот атрымаў ад мінулых эпох, сёння адкінуў, як цацку старую малое, маючы ўдосталь забаў. У алтарна святое сэрца, нібыта ў браму, ўваходзіць бог песты і ласкі душэўнай. А сам ён магутны і прамяністы, якім бог і мусіць быць, моцны, дужэйшы за вецер, што гоніць судны, і не слабейшы за бачныя выяўленні, гато праз пачуцці ўмеюць нас моўчкі скарыць, нібы дзяцей бясконцыя пакаленні.