Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 42

Райнэр Марыя Рыльке

ДРУГАЯ ЧАСТКА

I Дыхай на поўныя грудзі, нябачны мой верш, акружаны зменлівым светам! Я ж — процівага. Змяшчаецца ў ёй найперш рытм — як сутнасць паэта. Морам зрабіўся вечным я для цябе, о еднасць хваль; морам самым шырокім і невыцечным — распасціраннем удаль. Колькі прастораў тваіх у мяне ўнутры! Растуць маімі сынамі твае вятры; слоў абалонай, карою і круглай лістотай стала паветра. Што ж, я прызнаны роднай маёй істотай. II Майстар умелы паглядам акіне аркуш і бачыць закончаны твор; гэтак з’яўляецца ў люстры дзяўчыне ўсмешка святая, адзіная; зор ранішніх промні вітаюць са шкла цьмянае свечак начных калыханне. Так і ў рэальных абліччаў дыханне падаюць толькі адбіткі святла. Што нашы вочы з-пад прыску ў каміне здолелі высачыць, згледзець змаглі? Позірк жыцця, што прайшло назаўсёды. Хто, зямля, страты твае ў сэрца прыме? Той, чыя песня, як лямант зямлі, ўславіла сэрца суцэльнай прыроды. III Люстры: што ў сутнасці вашай забыта, толкам ніхто апісаць не змог. Вы нібы дзіркі-прасветліны сіта, нібы прагаліны ў плыні эпох. Люстры, як залаў пустынных аздоба, цьмяныя вы, як гушчэча бароў... I кандэлябр разгалістым лобам, быццам алень, вашу глуш прапароў. Часам вы поўны жыццёвых акрас — нехта хаваецца ў вашай глыбі, нехта нясмела пакінуў вас. Толькі красуні вабны абрыс мякка ў табе расплываецца — нібы шчочкай прынік да паверхні Нарцыс. IV О гэты звер, не бачаны яшчэ! Яго не ведаючы, палюбілі вы паставу, грудзі, ўзнёсласць галавы І ціхі бляск, які з вачэй цячэ. Ён мог не быць. Жыццё яму далі любоўю вы, жыццю яго пасля — прастору неабсяжную зямлі. I вось падняўся ён і спакваля сабою стаў. Падгадавацца змог ужо не кормам — змогай жыць адной. I сілу гэтакую звер здабыў, што нават рог на лобе вырас. Рог. К дзяўчыне белы звер прыйшоў, і ў ёй ён быў далей, і ў срэбным люстры быў.