Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 4

Райнэр Марыя Рыльке

Над «Дуіненскімі элегіямі» Рыльке пачаў працаваць яшчэ ў 1912 годзе ў старажытным замку Дуіно на беразе Адрыятычнага мора (адсюль назва). Першая сусветная вайна перашкодзіла Рыльке закончыць элегіі, якім ён надаваў выключнае значэнне. Яны былі завершаны ў 1922 годзе ў замку дэ Мюзо, у Швейцарыі.

У «Дуіненскіх элегіях» з іх магутнай сімволікай перададзены складаныя перажыванні паэта, трывожныя думкі пра сучаснага чалавека, пра ўмовы яго існавання, роздум пра ролю і месца паэзіі ў лёсе чалавецтва. Рыльке імкнецца разарваць кола індывідуалізму, пераадолець адзіноту, бо адчужанасць ад людзей раўназначная смерці.

Успаміны дзяцінства, першы погляд на свет і непасрэдныя дзіцячыя адчуванні надзвычай дарагія Рыльке («...о вы, дзяцінства шчасныя гадзіны!»). Паэт услаўляе зямное існаванне: «Жыць на зямлі — гэта велічна!»; «Ператварэнне — вось наша няспыннасць жыцця».

«Санеты Арфею» напісаны ў 1922 годзе. У іх Рыльке звяртаецца да вобраза «бога-пеюна» са старажытна-грэчаскай міфалогіі Арфея, які мог усё падпарадкаваць свайму чароўнаму спеву, здольны быў пазнаць любыя тайны існасці. Песні Арфея, на думку Рыльке, увасабляюць сэнс мастацтва, а «спеў ёсць жыццё».

У выключна пластычных і сонечна-музычных «Санетах Арфею» Рыльке сцвярджае гарманічны пачатак у жыцці, ператваральную моц мастацтва. У складаных метафізічна-міфалагічных вершаваных пабудовах узнікае філасофская катэгорыя ісціны, якая супрацьстаўляецца ісціне буржуазнага свету. Вершы Рыльке прасякнуты трагічным, але светлым настроем:

Мы — на тысячы год! бо бацька і маці плодныя будучым; спеліцца наша дзіця, што, паўтарыўшыся, перасягне нас у шчасці.

Новыя рысы ўласцівыя і фармальнай структуры паэзіі Рыльке. Паэт нярэдка адмаўляецца ад страфічнага члянення вершаў, ад рыфмы. Аднак пры ўсёй метафізічнай глыбіні і інтэнсіўнасці філасофскіх роздумаў познія вершы Рыльке вызначаюцца высокай лапідарнай прастатой, зладжанай і дакладна пабудаванай вершаванай формай. Невыпадкова Рыльке выбірае форму санета. Форма ж «Дуіненскіх элегій» ідзе да Гётэ і Гёльдэрліна, а праз іх — да самой антычнай паэзіі.

«Дуіненскія элегіі» і «Санеты Арфею» — выніковыя творы Рыльке, яго паэтычны запавет.

Паэзія Рыльке характарызуецца ёмкасцю зместу, эмацыянальнай напружанасцю, высокай натуральнасцю, выключным лірызмам і музычнасцю. Паэзіі Рыльке ўласцівыя глыбокі аналітызм, вытанчаны псіхалагізм, што збліжае яе з мастацтвам майстроў псіхалагічнай прозы.

Апошнія гады жыцця Рыльке былі азмрочаны цяжкай і пакутлівай хваробай — белакроўем. Памёр паэт 29 снежня 1926 года.

Паэзія велізарнай душэўнай сілы зрабіла Рыльке ўжо пры жыцці адным з самых любімых і вядомых паэтаў свайго часу. Не без рэлігійных настрояў, блізкая да сімвалізму і імпрэсіянізму, яна тым не менш супрацьстаяла пашыраным у тую эпоху спробам разбурэння паэтычнай формы.

Рыльке высока ўздымаецца над узроўнем аўстрыйскай і нямецкай паэзіі пачатку XX стагоддзя. «Дасканальным знаўцам і майстрам нямецкага слова, які ўзбагаціў нямецкую паэзію цудоўнымі творамі», назваў яго I. Р. Бэхер. А. В. Луначарскі бачыў у Рылько «адну з найвялікшых індывідуальнасцей цяперашняга нямецкага Парнаса».