Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 3
Райнэр Марыя Рыльке
Згубленасці і пакінутасці чалавека ў рэальным свеце супрацьстаўляецца пантэістычна-гуманістычнае сцверджанне цяснейшай узаемасувязі чалавека з другімі людзьмі і рэчамі, з прыродай, з космасам. Сэнс паэзіі Рыльке — у паэтычным адкрыцці грандыёзнага ў сваёй шматграннасці свету. Усеагульная сувязь, уключэнне ў сферу паэзіі звычайных рэчаў і падзей — аснова непаўторнай паэтычнай своеасаблівасці яго лірыкі.
Паэзія Рыльке аснавана на сузіранні. Але яно ў яго не пасіўнае і пакорлівае, а дапытлівае, шукальнае, поўнае філасофскага роздуму.
Новы этап у жыцці і творчасці Рыльке звязаны з яго жыццём у Францыі (1902—1911). Пад уплывам французскай паэтычнай культуры і выяўленчага мастацтва (асабліва Радэна, сябрам і асабістым сакратаром якога ён быў) Рыльке пачынае аддаваць больш увагі дакладнаму, пластычнаму паказу рэчаў, з’яў і працэсаў жыцця і наогул фармальнай закончанасці верша.
Найлепшыя зборнікі Рыльке гэтага перыяду — «Кніга вобразаў» (1902, 1906), «Новыя вершы» (1907), «Новых вершаў другая частка» (1908). Яны вызначаюцца інтэлектуальнай напружанасцю ў спалучэнні з глыбокім лірызмам. Ім характэрны шырокі дыяпазон паказу рэчаіснасці (тут вершы пра каханне, прыроду, уражанні ад падарожжаў, ад твораў мастацтва, якія ўвасабляюць хараство і мудрасць жыцця). У вершах Рыльке паэтызуюцца гарады, саборы, статуі, кветкі, жывёлы («Архаічны торс Апалона», «Іспанская танцоўшчыца», «Рымскія фантаны», «Песня кахання», «Ваза з ружамі», «Пантэра», «Фламінга»). Імкненне да пластычнасці і рэльефнасці збліжаюць паэзію Рыльке з жывапісам і скульптурай.
Першая сусветная вайна ашаламіла Рыльке. Ён успрыняў яе як катастрофу, як заканамерны вынік крызісу заходняй цывілізацыі. Рыльке адчуваў, што чалавецтва стаіць на парозе велізарных зрухаў і змен. Ён марыў пра буру, на крылах якой «паэт можа разгарнуцца падобна сцягу». I таму Рыльке з энтузіязмам пісаў пра рэвалюцыю ў Германіі, сведкам якой ён быў, з цікавасцю сачыў за падзеямі, якія адбываліся ў любімай ім Расіі. Паэт верыў у бязмежнасць закладзеных у чалавеку творчых магчымасцей, у «незвычайнасць» і «небываласць» росквіту яго сіл і розуму. Вайна прымусіла Рыльке змоўкнуць — і, здавалася, назаўсёды. I ўсё ж яго паэтычная муза знайшла сілу для апошняга ўзлёту. У 1923 годзе, пасля доўгага перапынку, Рыльке публікуе свае славутыя лірыка-філасофскія цыклы — «Дуіненскія элегіі» і «Санеты Арфею».
Яшчэ ў перадваенныя гады Рыльке пасля пакутлівых пошукаў прыходзіць да новага, вельмі своеасаблівага паэтычнага стылю. Адраджаючы традыцыі нямецкай класічнай паэзіі, ён звяртаецца да жанру філасофскай лірыкі. Толькі тут, у апошніх творах паэта, адчуваецца непасрэдны ўплыў нямецкай паэтычнай традыцыі. Агульначалавечыя праблемы, карэнныя пытанні існавання чалавека ў свеце пераносяцца ў міфалагічную сферу.