Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 2
Райнэр Марыя Рыльке
Рыльке ўспрыняў Расію крыху аднабакова — у святле славянафільскіх і рэлігійных уяўленняў. Яна бачылася яму як краіна будучыні, але як антыпод заходняй цывілізацыі з яе механіцызмам, практыцызмам, уласніцкім эгаізмам. Пасля наведання Расіі ў Рыльке ўзмацняецца адчуванне ўнутранай сувязі паміж людзьмі. «Калі б мая душа была горадам, яна была б
Масквою»,— пісаў ён. «Чым я абавязаны Расіі? Яна зрабіла з мяне таго, кім я стаў; з яе я ўнутрана выйшаў, усе мае глыбінныя вытокі — там» (пісьмо 1920 г.).
Балючым было вяртанне Рыльке ў капіталістычную Еўропу. Уражанні паэта знайшлі месца ў кнізе вершаў «Часаслоў» (1905) — своеасаблівым водгуку Рыльке аб Расіі.
Кніга напісана ў форме споведзі-гутаркі з «суседам-богам» рускага манаха, усё жыццё якога ёсць няспыннае імкненне наблізіцца да бога. Гэтае імкненне — пошукі найвышэйшага, вечнага сэнсу жыцця. Бог Рыльке — не хрысціянскі бог і наогул не бог якой-небудзь канкрэтнай рэлігіі. Іншы раз ён з’яўляецца ў абліччы простага селяніна, старога барадатага мужыка. Манах на роўных трымаецца з богам («Ты мне сусед, божа!»). Бог памагае яму, адзінокаму і замкнёнаму чалавеку, пераадолець адчужанасць, адчуць з’яднанасць з людзьмі. Праз умоўную, рэлігійную абалонку прабіваецца жывое чалавечае пачуццё, палымянае жаданне сацыяльнага абнаўлення.
У «Кнізе галечы і смерці» пачуццё жалю да чалавека перарастае ў гнеўны пратэст супраць буржуазнага ладу. Вобразы вялікіх капіталістычных гарадоў, гарадоў-«спрутаў», якіх нямала пабачыў паэт-вандроўнік, набываюць выключна трагічную афарбоўку.
Паэзія Рыльке прасякнута глыбокім трагічным непакоем. Гэта трагізм мастака, які адчувае варожасць капіталістычнага ладу ўсяму добраму, чыстаму і светламу, што ёсць у чалавеку, які ўсведамляе немагчымасць жыць у свеце несправядлівасці і зла, які марыць пра цэльнасць і гармонію чалавечага існавання і ў той жа час не бачыць рэальных шляхоў спраўджання свайго ідэалу.
Але калі героі Рыльке гінуць, як загінуў, напрыклад, герой яго рамана мастак Мальтэ Лаўрыдс Брыге, дык аўтар павінен быў выжыць, павінен быў знайсці пункт апоры, адшукаць нейкія больш-менш устойлівыя духоўныя каштоўнасці, якія маглі супрацьстаяць жорсткай і бесчалавечнай цывілізацыі.
I Рыльке шукаў выйсця, шукаў упарта і настойліва, імкнучыся стварыць у паэзіі іншую рэальнасць, больш сапраўдную і асэнсаваную, як яму здавалася, чым штодзённая буржуазная рэчаіснасць. Як пратэст супраць жорсткасці і бесчалавечнасці капіталістычнага ладу ўзнікае патрабаванне інтэнсіўнага ўнутранага жыцця — жыцця ў творчасці, паэзіі, прыгажосці, патрабаванне духоўнага і эмацыянальнага абнаўлення чалавека і чалавецтва. Кожным радком Рыльке імкнецца напомніць людзям пра тое, што яны жывуць у адным бясконцым сусвеце. Ён імкнуўся вярнуць людзям страчаную разам з дзяцінствам свежасць пагляду, калі свет уяўляецца як адзінае цэлае, калі ў малым бачыцца бясконцае, калі спакой і нерухомасць воднай гладзі калышуць таямніцу неба, далёкіх зорных светаў.