Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 13

Райнэр Марыя Рыльке

VI Яшчэ гараць сапфіры і рубіны, нібы ўтаіўшы у сабе прынаду дзявочых воч, і ў вязі вецця саду відны звяроў вясельныя гадзіны і паціна разьблёнае карціны, жамчужыны на золаце акладу хаваюць полымя яе пагляду. У мігатлівым руху са сцяны зіхціць карона, скарбы даўніны пераліваюцца, нібыта хвалі, нібы на сонцы мора збажыны. У бляску іх цямнеюць тры авалы: глядзіць аблічча Маці праз узор, абапал рукі ў міласэрным жалі, нібы міндаліны, і на дэкор кладзецца скрухаю нямы дакор. I абвяшчаюць цёмныя далоні, што царства спеліцца ў старой іконе, якім запоўніцца блакіту ўлонне ў адзінаісным Сыне, што ў сутонні зару запаліць з вечна ясных зор. Пра гэта рукі сведчылі, а твар — шырокай брамай вабіў на абшар журботных вуснаў літасцівай дзевы, дзе ўсмешкі лёгкай цёплыя павевы згасалі ў бліках кволага святла. I, пакланіўшыся, прамовіў цар:         «Няўжо не чуеш ты, чыё аблічча         душу адчаем роспачным казыча,         як прагну я любві? Куды знік твар,         што вечна кліча нас? Куды ён кліча?         Так недаступны нам святы алтар!» У цяжкай рызе цар зусім скалеў. Ён знаць не знаў, даведацца не смеў, як блізкі ён яе нямой журбоце, як прыкра венцаносцам на самоце. Цар думу думае ў турме палат, схаваўшы ў пасмах валасоў той спрат, дзе, скіраваны ў спрахлае, пагляд прыціх; а твар, як той другі, ў авале, у залаты агорнуты аклад. (Каб зблізіцца з яе паглядам.) Дзве рызы золатам гарэлі ў зале і прасвятляліся ў святле лампад.

ТЫТУЛЬНЫ ЛІСТ

(З цыкла «Галасы»)

Добра жыць моўчкі шчаслівым і сытым; хто яны — ведаць не трэба людзям. Плакацца ўголас павінен прыбіты, мусіць казаць: я асколак жыцця, ці: я сляпы, ці: я слепну ў галечы, ці: дай мне, божа, лёс чалавечы, ці: захварэла маё дзіця, ці: я качуся няспынна ўніз... Можна бясконца дапісваць спіс... Ці не таму, што натоўп мінае, кожны з іх вымушана спявае... Ах,— той голас! Шчыры, душэўны! Дзіўныя людзі: ідуць захапляцца ў хоры дзяцей галаском пакладанца. Явіцца бог, не дапусціць падмены ісціны звонкай скуглой абразанцаў...

З кнігі «НОВЫЯ ВЕРШЫ» (1907)

ПАНТЭРА

(У батанічным садзе. Парыж)

Хада, хада паўз драцяныя краты стаміла зрок яе; і ўжо сама ўжылася ў свет замкнуты і стракаты, за кратамі і свету больш няма. А лапы мякка, скрадліва паволі кладуцца ў вузкім коле, акурат як танец сіл вакол магутнай волі, аглушанай, зняволенай між крат. I толькі часам, як расплюшчыць вока, адбітак свету ў змрок яго нырне, па целе пругка пройдзе і глыбока у сэрцы сцішана засне.