Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 52
Юры Станкевіч
Макарэвіч не ведаў, што думаць. Ён прыгледзеўся да выбівальшчыка больш пільна. Бледны нездаровы твар, скура шэрая, як у хворых, усё тая ж сіняя картовая куртка, танная кашуля пад ёй, салдацкія чаравікі.
— Ты хто — біч?
Хлопец пахітаў галавой.
— Я ў цёткі жыву. А вунь і яна сама ідзе. Сапраўды, да іх ужо не ішла, а бегла невысокая рухавая жанчына ў ватніку. Раззлаваная, яна яшчэ здалёк закрычала:
— Што табе ад яго трэба, прайдзісвет? Макарэвіч зразумеў, што гэтыя словы адрасаваны яму. Жанчына падбегла бліжэй, але не спынілася, а нечакана накінулася на яго з кулакамі. Ён адступіў на крок, збянтэжаны.
— Вярні яму грошы, ну!
— Не браў я грошай, — запярэчыў Макарэвіч. Яму стала чамусьці брыдка.
— Ці ж я ў акно не бачыла? Усё аддаў? I зноў ты за сваё?
Хлопец не згадзіўся.
— Не браў ён нічога. Ніякі ён не гад. Ён ката шукае.
Жанчына раптам умольна сашчапіла рукі.
— Васіль, ну колькі я цябе прасіла не хадзіць сюды, не ганьбіць мяне. Што суседзі падумаюць? Ну хіба табе дрэнна ў мяне, есці няма? Навошта табе тыя грошы? Я ж табе давала.
— Просяць жа, — збянтэжыўся Васіль.
— Ненавіджу, — сказала жанчына і паглядзела на вокны дамоў.— А што хворага просяць, яны ведаюць? Здзекваюцца, сволачы, каму ахвота. У-у, звяругі!
— Не трэба, цётка Вера, — сказаў Васіль.— Мне галава баліць.
— Чый гэта дыван? — спытала цётка Вера.— Твой? — яна зноў павярнулася да Макарэвіча.
— Я чалавек бедны, — адмовіўся ён.— У мяне такога багацця няма.
Дыван і сапраўды быў багаты: вялікі, ручной работы, з прыгожым узорам.
— Унь яго, — кіўнуў Васіль на адно з вокнаў: у ім тырчэла чыясьці лысая галава — назіралі.
— Ідзі дамоў, — загадала выбівальшчыку цётка Вера, — зараз жа. Выпі лекі. Я дыван яму сама аддам.
Васіль пайшоў. Палку ён не кінуў, панёс з сабой.
— А вы хто такі будзеце? — спытала Макарэвіча цётка Вера больш лагодна.
Ён сказаў.
— Божа, божа, — жанчына выцягнула пакамячаную насоўку і прыціснула да вачэй, — а вы ведаеце, які ў яго лёс? Нікому не пажадаю. Я раскажу, а вы запішыце. Я вам такое раскажу, што і не паверыце.
Яна сказала, што завуць яе Вера Іванаўна, жыве з мужам, дзяцей ім бог не даў, а Васіль яе далёкі сваяк, якога яна мусіла выпісаць на тыдзень з дома інвалідаў. Бацька Васіля памёр, па бацьку яны і сваякі, а маці жывая, дык тую маці трэба знайсці і расстраляць і каб гэта па тэлевізары паказвалі ўсяму свету. Пасля яна дадала Макарэвічу, што Васілёў бацька памёр, а маці нібы з ланцуга адчапілі. Вырашыла, пэўна, гадаўка, што недабрала ў маладосці. Малы ёй, вядома, перашкаджаў, то яна кіне яго ў кватэры аднаго і знікне на тыдзень, а то і два. А хлопчык усё ніяк не паміраў, то бульбіну якую знойдзе сырую, то цыбуліну, вадой зап’е, і ўсё, чакае маці. Вядома, суседзі даведаліся, умяшаліся, але позна: хлопчык захварэў, галава ў яго стала балець. Сваячка тая дамаглася свайго — аддала яго ў дом інвалідаў.
— А я ж пра тое ўсё не ведала. Паехала ў той дом, укленчыла перад глаўурачом, каб хлопца аддалі, як стаяла, прасіла, так і ўпала на калені, ды адпусцілі яго толькі на тыдзень, бо ніякіх дакументаў ён не мае, але паабяцалі выпісаць потым зусім. Трэба толькі розныя даведкі і паперкі сабраць. Бюракраты, каб на іх!