Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 51
Юры Станкевіч
— Хлоп, хлоп, хлоп!
Паўза.
Хлопец быў худы, нягеглы, апрануты ў танныя картовыя штаны, такую ж куртку. На нагах — салдацкія чаравікі. Плечы вузкія, твар хваравіты, бледны. Дрэнна пастрыжаная галава трымалася на тонкай кволай шыі.
Макарэвіч перавёў бінокль на сасну, дзе было гняздо. Птушка нервова скакала між ігліцы. «3-за таго рупліўца, — падумаў ён, — яна можа пакінуць гняздо. Пэўна, птушка атаясамлівала сквер з лесам. Але ж раней тут сапраўды быў лес. Вось і цярпі зараз, дурнічка. Урбанізацыя. Цікава, што за птушка?» Макарэвіч яшчэ паназіраў за ёй — птушка знікала, зноў з’яўлялася, дзяўбла нешта ў галінках. Ён зноў адзначыў прыгажосць яе чырвона-белай афарбоўкі, ладную моц хваста, ястрабіную дзюбку.
Вечарам па дарозе дамоў, хаця месца, дзе ён жыў, можна было назваць домам толькі ўмоўна — Макарэвічу далі пакой у інтэрнаце, — ён зазірнуў у кнігарню і адшукаў там кніжку пра птушак з каляровымі малюнкамі. Трэба было ўрэшце класіфікаваць незнаёмку.
Птушка аказалася лясной госцяй, дакладней, госцем — гэта быў самец шчура. Тое, што лясная птушка не жадала пакідаць горад, навяло Макарэвіча на сумныя думкі. Не жадае, і ўсё. Дык хто яна там, у сваім птушыным свеце, — вар’ят ці ахвяра?
У абед малады Макарэвіч пайшоў у сквер, знайшоў знаёмае дрэва і агледзеўся навокал. Было ціха і амаль не холадна. На сінім небе з рэдкімі маларухомымі хмарамі высока-высока цягнуўся белы шлейф рэактыўнага самалёта. Тут жа, між дрэваў, ніхто не блукаў у гэты час, толькі ззаду грукала.
— Хлоп, хлоп, хлоп!
Макарэвіч знайшоў на зямлі сухую галінку і пастукаў па ствале, ціха свіснуў.
— Фіў, фіў!
Зверху на яго пасыпаліся трухлінкі, аскабалачкі кары.
Птушка нечакана скокнула аднекуль збоку, ашчаперыла галінку лапкамі-кіпцюрамі над яго галавой і скоса зірнула вокам-пацерачкай, пасядзела так, пагайдалася, потым пырхнула ўгору і знікла.
— Ага. Дык ты не супраць пазнаёміцца, — сказаў Макарэвіч.— Сцеражыся катоў, чуеш?
Ён пайшоў назад, але збочыў і скіраваў туды, дзе грукалі палкай. Там у зямлю было ўкапана нешта накшталт невялікіх футбольных варот. На іх вісеў дыван, ля якога стаяў пануры выбівальшчык, трымаючы палку ў руцэ, — усё той жа хлопец. Ён быў нібы ў одуме — пэўна, адпачываў і здрыгануўся, калі Макарэвіч падышоў усутыч.
— Прывітанне, — сказаў Макарэвіч.— Катоў тут не бачыў?
Хлопец здзіўлена пахітаў галавой і моўчкі чакаў.
— Заможны ты, столькі дываноў маеш. Нібы ў Рашыдава.
Хлопец расцяў вусны і глуха сказаў:
— Не маё гэта. Мне заплоцяць, я раблю.
Макарэвіч здзівіўся.
— I колькі табе плоцяць? — спытаў ён.
— Як хто, — сказаў хлопец.— I пейсят капеек і дваццаць. А хто і рубель.
Ён выцягнуў з кішэні і паказаў жменьку дробязі.
— А рублі?
Хлопец уцягнуў галаву ў плечы і збянтэжана ўсміхнуўся. Пярэдняга зуба ў яго не было.
— Мальцы тут забралі. Кажуць, пазыч, пасля вернем. Я даў.
— Б’юць, ці што? — удакладніў Макарэвіч.
— Спачатку набілі, а цяпер не, не б’юць. А навошта табе каты?