Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 50

Юры Станкевіч

Яўген Макарэвіч працаваў карэспандэнтам у раённай газеце ў аддзеле сельскай гаспадаркі. Яго прыслалі сюды пасля універсітэта. «Раёнка», нібы цмок, патрабавала ахвярных радкоў. Трэба было пісаць кожны дзень: як рыхтаваліся да жніва і ўбіралі ўраджай, як капалі бульбу, чым кармілі жывёлу і колькі малака давалі каровы, як рамантавалі трактары і сеялі жыта.

Вясна брала сваё, але сяўба яшчэ не пачыналася. 3 раніцы ён прадыктаваў машыністцы сваю дзённую норму — дзвесце радкоў, а працаваў Макарэвіч хутка, дыктаваў прама з блакнота, куды запісваў іншы раз толькі лічбы і прозвішчы і чым у душы ганарыўся — сваёй аператыўнасцю, маладой памяццю, назіральнасцю. Але ў рэдакцыі не заўважалі яго спраў, а рэдактар старанна крэсліў усякія на яго погляд рызыкоўныя вольнасці: апісанні характараў людзей, асабістыя думкі. Рэдакцыя ўразіла маладога Макарэвіча. Адказны сакратар Тупіцкі, ветлівы, быццам ціхі інвалідзік, быў адзін з самых гнюсных людзей, якіх ён бачыў У сваім жыцці, а тое-сёе ён паспеў пабачыць. У Тупіцкага і мянушка была адпаведная: Гнюс. Нагадвала яго і загадчыца аддзела пісьмаў Беларэцкая. Яны вялі паміж сабой бязлітасную вайну, у якую спакваля ўцягнулі астатніх супрацоўнікаў. Вайна гэтая, як даведаўся Макарэвіч, ішла з пераменным поспехам. У ёй вяліся наступленні, былі здрады, істэрыкі і сваркі.

Бегаў падобны на таракана, з маленькай галоўкай намеснік рэдактара Лапатаў. Макарэвіч адзначыў у яго моцны хапальны рэфлекс, зайздрослівасць і схільнасць да інтрыг. Ён з часам яўна мерыўся ў рэдактары. У рэдакцыі падслухоўвалі і цікавалі ля дзвярэй і ненавідзелі адзін аднаго пасля размеркавання ганарару.

Нікому з супрацоўнікаў Макарэвіч пра птушку не сказаў — вырашыў, што так лепш, няхай яна будзе толькі яго птушка.

— Хлоп, хлоп, хлоп! Бух! Бух!

Макарэвіч адчыніў стол, дастаў бінокль і навёў яго на панадворак, які цягнуўся ўбок ад сквера. За панадворкам пачыналіся дамы мікрараёна. У бінокль ён добра разгледзеў парушальніка цішыні — хлопец палкай выбіваў дыван. Рэха ад сцен дамоў утварала гукі, нібы на стралковым палігоне.

— Бух! Бух! Хлоп, хлоп, хлоп!

Макарэвіч доўга разглядаў выбівальшчыка дываноў. Яго здзівіла, што хлопец калашмаціў палкай заўчора, учора і тыдзень з раніцы да вечара.

Цяпер, калі снег сышоў і стала цяплей, дываны выбівалі ва ўсіх дварах. Калі вы не маеце якога няхай і таннага дыванка, гэта ўжо знак галечы, убогасці, а такімі перад суседзямі, пэўна, ніхто не хоча выглядаць, думаў Макарэвіч. I гэты ёлуп аж высільваецца, непакоіць маю птушку. Макарэвіч вылаяўся сам сабе і ўгледзеўся ў хлопца, які няспешна махаў палкай.