Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 56

Юры Станкевіч

Макарэвіч згадзіўся, і яны выйшлі на вуліцу.

— Я б дзяўчат адных у рэстаран не пускаў, — сказаў ён, — тым больш такіх прыгожых.

— Дома сядзець, шкарпэткі вязаць? — не згадзілася бландзінка. Яе звалі Людміла.

— А мяне завуць Руслан, — сказаў Макарэвіч.— Я з Парыжа.

— Думала: ты сур’ёзны, — заўважыла Людміла.— Ну і жарты ў цябе. I куды мы ідзём?

— На пахаванне, — сказаў Макарэвіч, — а пасля, калі хочаш, да цябе. Справім памінкі.

Людміла кісла ўсміхнулася.

— А каго хаваюць? Так позна? Зноў ты за сваё.

Макарэвіч выцягнуў з кішэні бела-чырвоны камяк.

— Гэта мой сябар — птушка шчур. Яна памерла праз сваю даверлівасць.

Людміла спынілася.

— Але ж гэта занадта, — сказала яна.— Да пабачэння. Ты проста псіх.

Дзяўчына знікла. Макарэвіч зноў паклаў птушку ў кішэню, паціснуў плячыма і пайшоў назад.

Праз тыдзень ён ад’язджаў дамоў, у Парыжу. Так сапраўды, з націскам на апошнім складзе, называлася вёска ў Чэрвеньскім раёне, адкуль ён быў родам. Пабудзе крыху там, а потым — потым пабачыць. Ён са здзіўленнем адчуваў, што стаміўся.

Прыкметна пацяплела. Дрэвы апрануліся ў зялёнае. Сонечныя промні пяшчотна лашчылі бруднае, пакрытае пылам лісце.

Аўтобус крануўся, і праз шкло ён бачыў, як пахіснуліся і паплылі назад адзінокія постаці людзей і будынак вакзала. Два хлопчыкі, паступова адстаючы, беглі ўслед — пэўна, некага праводзілі. Іх галовы кранаў вецер, і светлыя валасы, нібы пух, узнімаліся над ілбамі.

У салоне сядзелі цёткі аднекуль здалёк, ціха перагаворваліся паміж сабой. Бабуля побач уладкоўвала свой невялікі скарб — у яе быў засяроджаны, маршчыністы твар; енчыла дзіцё на руках у жанчыны насупраць. Стары з кійком у руцэ глядзеў і глядзеў у акно: на лес і слупы, што мільгалі адзін за адным, на шлях, што адбягаў у мінулае разам з жыццём, — глядзеў выцвілымі, дзіцячымі, усёдаравальнымі вачыма.

Заўвагі

1

Свінг — бакавы ўдар ў боксе.