Читать «Луп. Апавяданні» онлайн

Юры Станкевіч

Юры Станкевіч

Луп. Апавяданні

Луп

Аповесць

Снежань, 198… года. Субота.

8 гадзін

З дзевятага паверха ён бачыў шэрыя дамы — адзін зеўраў чорнымі адтулінамі вокнаў — яшчэ не паспелі зашкліць. Па абочыне новай вуліцы бетонныя слупы роўнай шарэнгай цягнуліся ўдалечыню. Ні дрэўцаў, ні кустоўя. На дроце там-сям гайдаліся пад халодным ветрам самотныя, прыціхлыя вароны.

Уступаў пакрысе ў свае ўладанні бог зімы — Зюзя. Ішоў з поўначы лысы, барадаты, несамавіты дзядок, і з кожным яго подыхам узнімаліся завірухі, а пад босымі, пасінелымі нагамі адразу камянела, стыла зямля, і ўсё жывое пачынала адчуваць страх і няўпэўненасць у існаванні, бо лёс жывога залежыць ад шматлікіх прычын і век яго кароткі — жывое ж увогуле нешта парушае, нейкія важныя законы фізікі, якія існуюць па-над намі.

— З’явімся на свет і адразу нешта парушаем, — сказаў Мастак, — такі закон.

Ён стаяў і пазіраў праз акно на вуліцу. Зіма абяцала быць халоднай і працяглай, бо з палёў сабралі незвычайна вялікі ўраджай (старыя казалі, што гэта не на дабро), у садах восенню ламаліся сукі ад яблыкаў, груш, сліў, а ў лесе дубы паскідалі столькі жалудоў, што хапіла б і на некалькі гадоў; грыбы таксама ўрадзілі: і белыя, і падасінавікі, і апенькі, і ваўнянкі, і грузды, і шампіньёнаў на пакінутым палігоне за горадам было столькі, што можна касіць касой. Рабіны ламаліся ад ягад, палымнелі чырванню, мурашкі ўзнялі вышэй свае мурашнікі, а пчолы амаль поўнасцю заляпілі ляткі воскам. Ішла зіма. З раннімі прыцемкамі, піліпаўкай і маразамі.

На Мастаку быў цёплы світэр і джынсы, бо ў кватэры адчуваўся ўсё той жа восеньскі холад. Светлыя дрэнна падстрыжаныя валасы лахмаціліся над шырокім яго лобам. Прыжмураныя вочы былі шэра-зялёныя, а кароткая рудая бародка дзе-нідзе пачынала, нягледзячы на яго малады ўзрост, сівець. Сарамяжлівая, прыгожая ўсмешка часам асвятляла змрачнаваты твар.

З-за расчыненых дзвярэй выйшла жанчына. Шырокі баваўняны халат толькі падкрэсліваў яе цяжарнасць. Твар з крыху кірпатым носам і меднага колеру валасамі быў зусім просты. На бледнай скуры выдзяляліся карычневыя перадродавыя плямы.

Жанчына сказала:

— Адпачываў бы яшчэ. Час жа дазваляе. Усхапіўся і адразу за свае сусветныя праблемы.

— Мужчына павінен заўсёды нешта шукаць, — сказаў Мастак. — Свой дом і дастатак патрэбны, але ж яны разбэшчваюць. Спрадвечны бой, спакой нам толькі сніцца, нас кліча барацьба…

— Дажартуешся. Няўдачнік. Пакуль кватэру ў рэшце рэшт атрымалі, дык работу страціў у горадзе. Цяпер па лясах блукай. І там пачнеш сваё даказваць, зноў апячэшся, ведаю.

— Добра, Рыта, — прымірэнча сказаў Мастак. — Не будзем сварыцца на дарогу, бо шлях мой цёмны, а раніца пужае…

Але жанчына толькі ўзяла разгон.

— Ну, адхілілі некалькі карцін, не прынялі на выстаўку. Іншы б паціху свайго дамогся, а ты ў пакрыўджаныя адразу. Хто хоча мёду, той пчол не дражніць. А раней што было, ты памятаеш?

Мастак нервовым рухам узлахмаціў валасы.

— Раней былі сямідзесятыя. Дзе ты, маё юнацтва? Куды цябе, убогае, затаўклі?

— Адно табе зараз наканавана. У балота. Ты ж сам казаў, што той запаведнік — скрозь балота, ды не простае, а адно з буйнейшых у Еўропе.