Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 54
Юры Станкевіч
— Прывітанне, — сказаў Макарэвіч.— Як ты сюды толькі трапіў, такі прыгажун. Галоўнае — як мага далей ад катоў. Зразумеў?
Птушка скокнула вышэй, пакрасавалася там і неўзабаве схавалася ў шыпульках.
□
Праз дзень Макарэвіч паехаў у камандзіроўку на раён: пачалася пасяўная. Вярнуўся ён позна, да ночы напісаў артыкул і з блакнотам пад падушкай заснуў.
Раніцой у рэдакцыі адбылася лятучка, пасля якой Макарэвіч дыктаваў на машынку. У машыністкі былі брудныя пазногці, рот напаўраскрыты, і ў ім блішчэла залатая каронка.
За акном на дрэвах ужо распускалася лісце, але вецер зноў змяніўся, часам ішоў дробны дождж-імжака, пахаладала. Па шэрым небе нізка беглі хмары, змешваліся з дымам, які ўзнімаўся з трубы гарадской кацельні, што была насупраць. Вялікая тлустая муха, якая паспела ўжо ачуняць у цяпле, гудзела і тыцкалася ў шкло.
Макарэвіч пайшоў да сябе ў аддзел, вычытаў тэкст, потым выцягнуў бінокль і навёў яго на дрэва, але птушкі не ўбачыў. Загадчык сельгасаддзела Кусаў — таўсматы, з вялізным жыватом і амаль без падбародка, як упэўніўся Макарэвіч, па-бабску помслівы і каварны, — праз стол ад яго курыў цыгарэту.
У дзверы пастукалі, і ў кабінет увайшлі двое ў міліцэйскай форме: высокі, змрочны, у гадах маёр і за ім малады, зухаваты сяржант з адтапыранымі вушамі. Маёр кінуў на іх хуткі позірк, слізгануў вачыма па сталах і сценах кабінета і спытаў Макарэвіча.
— Яўген Сямёнавіч?
— Гэта я, — адказаў Макарэвіч з прадчуваннем, што здарылася благое.
Маёр назваўся — прозвішча ў яго было кароткае: Грук — і паклаў на стол паперку.
— Ваша?
Макарэвіч пазнаў ліст з блакнота, які пакінуў выбівальшчыку дываноў, і згодна кіўнуў.
— Паедзеце з намі, — прапанаваў маёр.
— Куды?
— На апазнанне.
Запанавала паўза. Кусаў глядзеў на іх праз стол з прагнай цікавасцю. Цыгарэта дагарала ў яго руцэ і апякла яму пальцы. Пачулася, як за дзвярыма спыніліся нечыя крокі.
Макарэвіч апрануў плашч і спытаў:
— Што ўсё-такі здарылася, мо растлумачыце?
— Самазабойства, — сказаў маёр.— Дакументаў ніякіх не знайшлі, толькі вось паперку з вашым тэлефонам. Ён хто вам будзе?
Макарэвіч быў ашаломлены.
— Ніхто. Знаёмы.
— Як у вас з нервамі? — спытаў маёр.— А то ж, самі зразумейце, з-пад цягніка выцягнулі, відовішча жахлівае. А хто ён і чаму такое зрабіў, мяркую, вы нам па дарозе раскажаце.
— Трэба цётцы паведаміць, — здагадаўся Макарэвіч.— Яна вам больш раскажа.
Маёр ажывіўся.
— Што за цётка?
— Побач жыве, — растлумачыў Макарэвіч, — я пад’езд ведаю, а кватэру — не.
— Не праблема, — падагульніў маёр.— Знойдзем.
□
У кабінеце рэдактара, якому ўжо далажылі пра таямнічы візіт міліцыянераў, малады Макарэвіч скончыў расказваць і дадаў:
— Цяпер трэба неадкладна паехаць у Н., знайсці тую жанчыну, расколецца яна, а як жа, неяк адрэагуе. А потым напісаць. Мяркую, добры матэрыял атрымаецца.
Рэдактар моўчкі слухаў. Праз два гады ён павінен быў пайсці на пенсію. У яго была прычоска, як у лідэр-вакаліста з рок-гурту «Брыгада С». Рэдактар час ад часу закідваў сальныя валасы з праборам пасярэдзіне галавы жэстам вядомага вакаліста, але там была пародыя, тут — арыгінал. Цяпер яго маршчыністы твар быў непранікальны, а позірк чорных вачэй ухілісты. Урэшце ён няшчыра ўсміхнуўся.