Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 49
Юры Станкевіч
— Ну дык па сваіх месцах! — сказаў Паўла. Ён быў за распараджальніка.— Пайшлі...
Праз нейкі час участак, дзе, па іх меркаванню, знаходзілася лежбішча дзіка, быў абкружаны. Пусцілі сабак.
Рванае Вуха прачынаўся і зноў засынаў некалькі разоў. Цяпер жа ён падхапіўся ад нечаканага і трывожнага пачуцця. Прама над ім, на елцы, застракатала сарока. Гэта было непрыемна, але яшчэ горшым было тое, што паветра данесла да яго пахі двухногіх, пораху, ружэйнай змазкі і сабак. Ён пачуў іх брэх.
Ён не жахнуўся, бо не ведаў жаху, але на імгненне разгубіўся, бо каб так не шанцавала — з ім гэтага яшчэ не здаралася. Што ж, ён адпачыў і прыме бой, калі так створана ў гэтым свеце. А можа, яму пашчасціць і ён дасягне адным рыўком ратавальнага гушчару, які быў амаль адразу за ельнікам. Там яго не так лёгка будзе дагнаць.
Сабакі ўжо насядалі, і ён ірвануўся з ельніку, але, як толькі апынуўся на чыстым месцы, нешта ўдарыла яму ў жывот збоку, ён пачуў гукі стрэлаў і зразумеў, што ўжо не выбрацца. У жываце і грудзях пякло, там нешта булькацела, і ён бег ужо прама туды, адкуль палыхнула агнём і дзе былі ворагі. Лютасць да гэтых ворагаў напаўняла яго, і ён прагнуў цяпер аднаго — дабрацца да іх і адпомсціць.
Ён не бачыў, як спужаўся, кінуў стрэльбу і ўцякаў ветурач, як схаваўся за дрэва Паўла, бо яму не было ўжо часу перазарадзіць сваё ружжо, і як узняў у апошні раз стрэльбу ляснік. Прама перад ім зноў палыхнула агнём і зноў ударыла ніжэй галавы пад левую лапатку. I тады ён раптам адчуў сваё сэрца, бо цяпер яно білася ўсё мацней і мацней і з грукатам, які пераўзыходзіў усё: і стрэлы, і брэх сабак, і іншыя гукі. Ногі яго падламаліся, і ён упаў у снег. Яму раптам стала вельмі горача, і ён прагнуў цяпер толькі аднаго — ратавальнай прахалоды, і вось, здаецца, яна прыйшла, і ён зноў уваходзіць у тую самую імклівую лясную рэчку — рэчку свайго маленства, і вада бяжыць і бяжыць перад ім, кружыцца, кружыцца. I вось ён ужо плыве, і рэчка пашыраецца і пашыраецца, і берагоў ужо не бачна — адна бязмежная, бясконцая далечыня.
Бела-чырвоная птушка шчур
Апавяданне
Птушка была малінава-чырвоная, з дзвюма белымі палоскамі на крылах, доўгім хвастом і масіўнай кручкаватай дзюбай. На вершаліне сасны, якую яна аблюбавала сабе, было і кубло, але ці належала яно бела-чырвонай птушцы або проста засталося ад якой вароны — невядома.
Малады Яўген Макарэвіч высільваўся ўспомніць, калі і дзе раней мог пабачыць такую птушку, але так і не ўспомніў. У памяці замест гэтага ўзніклі поплаў на світанку з халоднай ад расы травой, мігцеючае павуцінне, зарослая аерам рачулка, буслы на выгане і буслянка з высахлым трупікам птушаняці, якое выпіхнулі з гнязда і якое так і засталося вісець. Памяць падказала і ўзнавіла вясковую вуліцу і ластавак, якія перад дажджом імкліва імчалі ўздоўж яе, хмарнае навальнічнае лета, кінамеханіка, што аднойчы збіў яго за тое, што ён залез у клуб праз гарышча. Кіно было з серыі чорных гангстэрскіх драм, і ён гады са два шкадаваў, што так і не паглядзеў яго. Яшчэ ўспомніліся снегіры на снезе і сабака Шарык, якога ўзімку недалёка ад вёскі лёгка ўзяў воўк. А такую вось птушку, здаецца, ніколі і не бачыў. Ці ж нам справа да нейкіх птушак. Ён і заўважыў яе выпадкова: з акна кабінета на пятым паверсе назіраў у тэатральны бінокль — падарунак да дня нараджэння — за прадаўшчыцай з прамтаварнага павільёнчыка ля ўваходу ў сквер. Дзяўчына часам прадавала нешта рэдкім пакупнікам, а больш сумавала: глядзелася ў люстэрка, фарбавала вочы, чытала кнігу. За павільёнчыкам пачынаўся сквер, у якім раслі старыя сосны. На адной з іх жыла птушка.