Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 48
Юры Станкевіч
Рванае Вуха бег далей. Ужо легла цемната навокал, і зоркі, большасць якіх ён увогуле не мог бачыць, зіхацелі на небе. Серпік месяца вісеў над лесам. Праз некаторы час ён напаў на след статка, а потым нечакана выявіў і след свайго былога ворага — маладога секача. След вёў з лесу да бульбянога поля, за якім, як вызначыў Рванае Вуха, была вёска.
Ён раптам адчуў, што сіл больш няма. Трэба было адпачыць. Ён крыху збочыў і зайшоў у густы ельнік, у глыбіні якога пад вывернутай сасной знайшоў выпадкова лежбішча пераможанага ім секача — цёплую і ўтульную яму. I хаця Рванае Вуха ўлоўліваў увесь апошні час нейкі ледзь чутны сігнал небяспекі, ён ужо не мог звяртаць на яго ўвагі, бо вельмі стаміўся. Ён павагаўся крыху і залёг. Не варта было залягаць каля вёскі — гэта было адно з асноўных, самых важных яго правіл, але сёння ён яго парушыў. Тым больш, што статак прайшоў побач. Хутка ён адшукае яго і назаўсёды адвядзе з гэтых варожых мясцін.
...На світанні ўсе ўдзельнікі аблавы былі ў месцы прызначэння. Дагэтуль яны атрымалі ліцэнзію на адстрэл дзіка, які доўгі час наносіў вёсцы шкоду — амаль штоноч разрываў капец з насеннай бульбай і не столькі еў яе, колькі марозіў. Двойчы каля капца рабілі засады, але нахабны і хітры дзік блізка не падыходзіў, мабыць, адчуваў людзей здалёк.
Яшчэ з вечара мароз крыху паменшаў. Надыходзіла якраз кароткая і адзіная за ўсю зіму адліга. Адчувалася ўжо хуткае набліжэнне вясны.
Паляўнічых было трое. Брыгадзір, малады шаракавокі і прыгожы хлопец, які восенню адслужыў у арміі і якому нядаўна даверылі калгасную брыгаду, выцягнуў з сумкі ад супрацьгаза моцны палявы бінокль, расшпіліў футляр і ўзняў бінокль да вачэй, аглядаючы наваколле. Са стрэльбамі за плячамі побач стаялі каржакаваты, чырванатвары ветурач і мясцовы ляснік — меланхалічны, задумлівы дзядзька ў гадах. Сабакі ля ног павісквалі і абнюхвалі адзін аднаго.
— Ну, што бачна, Паўла? — нецярпліва спытаў ветурач.
— Класная тэхніка, люкс! — брыгадзір, якога звалі Паўлам, адняў ад вачэй бінокль, паляпаў па скураному футаралу.
— Што такое? — захваляваўся ветурач.— Дай мне!
— Птушкі над ельнікам, — сказаў Паўла.— А гэта значыць, — ён раптам весела і нечакана моцна ляпнуў лесніка па плячы — той аж адхіснуўся, — гэта значыць, што ён сёння там!
— Няўжо сапраўды на лежні? — прамармытаў ляснік.— Ну і ну. Дрэнь яго справы цяпер.