Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 47
Юры Станкевіч
Хто ж гэта такі? Рванае Вуха старанна прыслухоўваўся, чуйна ўлоўліваў пахі лесу, спрабаваў зразумець, што за новая небяспека чакае яго ў гэты нешчаслівы дзень.
Яшчэ пакуль ворагі пабачылі адзін аднаго, Рванае Вуха па паху зразумеў, што яго даганяе малады сякач. А калі той вылецеў з зараснікаў і апынуўся перад ім, Рванае Вуха адчуў толькі адно жаданне — бегчы далей. Раней ён бы скрышыў, знішчыў гэтага занадта цікаўнага задзіру, дурня, даў бы яму сапраўдны ўрок паводзін — але толькі не цяпер. Ён адчуваў, што сілы на зыходзе.
У вячэрнім змроку праціўнікі пакуль што прымерваліся і прыглядаліся адзін да аднаго. I хаця ўсё да дробязей разгледзець ужо было немагчыма, Рванае Вуха адзначыў, што неспадзяваны яго вораг — вельмі вялікі вепр, амаль такі, як і ён сам, з вострай гарбатай спінай, з высокім загрыўкам і вузкім задам. Увесь ён быў пакрыты густым і цёмным шчаціннем. Як шчотка, стаяла яно ў яго і над галавой. Злосна глядзелі навокал каламутныя маленькія вочкі.
Рванае Вуха сярдзіта чмыхнуў і зрабіў тое, ад чаго раней згарэў бы ад сораму, што было для яго амаль немагчыма. Ён скіраваў убок і хацеў аббегчы забіяку. Але той імгненна заступіў яму дарогу. Малады вепр прагнуў бойкі. Ён добра адпачыў днём, а перад гэтым ноччу разгроб і перарыў бульбяны капец ля адной з бліжэйшых адсюль вёсак і быў не галодны. Да капца ён хадзіў ласавацца некалькі разоў, і ўсе разы ўдала. Цяпер ён адчуваў прыліў энергіі і злосці. Зараз ён правучыць гэтага старога няўклюду — малады сякач даўно ўжо адчуў пах крыві і ўцяміў, што становішча старога дрэннае. Ён ненавідзеў гэтых ганарлівых важакоў, якія вельмі высока думаюць пра сябе. Вось ён яму зараз і пакажа. I ён рынуўся наперад.
Рванае Вуха і так ужо зразумеў, што без сутычкі не абысціся. Ён мацней упёрся нагамі ў снег і з цяжкасцю адбіў першы страшны наскок маладога вепра. Той быў малады, і гэтым сказана ўсё. Рванае Вуха разумеў, што доўга не выстаіць — сілы было менш. Трэба было тэрмінова нешта рабіць. Але што?
— Рррхуххх! — яшчэ адзін удар, ледзь не ў шыю. Гэты задзіра і дурань біўся, аднак жа, каварна і подла: імкнуўся тыцнуць ікламі ў вочы, укусіць у шыю, за вушы. Раптам Рванае Вуха спатыкнуўся — нага яго трапіла ў пень — і пачаў валіцца на бок. Праціўнік адразу кінуўся, пацягнуўся ікламі да жывата. Рванае Вуха задыхаўся ад цяжару. Смерці ён не баяўся і адносіўся да яе так жа проста, як і да жыцця. Але, калі загіне ён, можа загінуць і статак. I ўсё з-за гэтага не ў час сустрэтага нахабніка і задзіры. Лютасць, сляпая, страшэнная, расла ў ім. Ён сабраў апошнія свае сілы, ускочыў на ногі і рынуўся на ворага. Націск быў нечаканы і такі моцны і страшны, што малады сякач не ўстаяў. Ногі яго не вытрымалі, раз’ехаліся, і ён на адно толькі імгненне стаў безабаронны, падставіў для ўдару плячо. Рванае Вуха ўдарыў, і праціўнік зусім страціў раўнавагу, упаў на снег. З разарванай яго лапаткі палілася кроў. Рана яго была не з цяжкіх. Рванае Вуха ведаў гэта, але не стаў дабіваць — вораг быў пераможаны.