Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 46
Юры Станкевіч
Кароткі зімовы дзень імкліва ператвараўся ў прызмерак. Першая яркая зорка забліскацела між вершалін у чыстым далёкім небе. Рванае Вуха ледзь-ледзь бачыў яе і, вядома, не ведаў, што гэта Венера, але адчуў нейкую палёгку, бо зорку гэту назіраў і раней, а ўсё знаёмае ім, як і ўсімі жыхарамі лесу, успрымалася як выраз трываласці, дастатку і раўнавагі.
Вялізная, клінападобная, амаль на трэцюю частку цела галава яго змяшчала шмат звестак, навыкаў, уражанняў і назіранняў. Тут былі ўспаміны аб дзяцінстве, аб далёкіх вандраваннях, аб шматлікіх паядынках з іншымі дзікамі, аб усіх жывых істотах, якіх ён, Рванае Вуха, сустракаў у сваім жыцці, а сустракаў ён многа чаго і многіх.
Вось і зараз ён зноў успомніў (апошнія гады гэты ўспамін наведваў яго ўсё часцей і часцей) сябе зусім малым на беразе нешырокай, чыстай лясной рэчкі. Статак, у якім калісьці нарадзілася маці Рванага Вуха і дзе, дарэчы, убачыў свет ён сам, заўсёды прыходзіў туды на вадапой. Потым статак раздзяліўся, як гэта заўсёды здараецца, калі там становіцца больш, чым трэба, асобін, але Рванае Вуха доўга яшчэ прыходзіў сюды з маці. Пад яе пяшчотнае «гро-гро-гро» разам з такімі ж, як і ён, парасятамі Рванае Вуха (тады ён яшчэ не меў гэтай мянушкі, бо вушы яго былі цэлыя) уваходзіў у ваду па чыстым пясчаным дне, па якім часам слізгацелі невялічкія, пужлівыя рыбкі. Ён заходзіў у ваду заўсёды далей за астатніх, бо быў цікаўны і смелы, спрабаваў нават плысці, за што маці не раз злёгку кусала яго. Ля парослага асакой, часам балоцістага берага шмат лужын з цёплай вадой, у якіх дзікі валяліся, пакуль не аблепліваліся гразёй, як панцырам, — пасля гэтай працэдуры ім не страшныя былі ні камары, ні авадні, ні іншыя крывасмокі. Да таго ж тут заўсёды можна было адкапаць розныя смачныя карэнні, а калі крыху збочыць — апынуцца ля вялізных, магутных дубоў, пад якімі з восені зямлю ўсцілалі жалуды. У летнюю спёку ля вады было незвычайна прыемна, але не толькі таму палюбіў Рванае Вуха лес і лясныя рэчкі: тут ён упершыню спазнаў разнастайнасць і неабсяжнасць свету, яго прыгажосць. I яшчэ ён ведаў цяпер, што так добра і прыемна, як было тады, у тыя далёкія часіны маленства, — ніколі ўжо не будзе. Бо з узростам прыйшло шмат клопатаў і нават паспаць удосталь ужо не было калі. Тым больш у сталыя гады, калі ён стаў важаком і быў вымушаны вартаваць бяспеку ўсяго статка. А статак быў самым галоўным з усяго, што толькі ёсць у гэтым няпростым, варожым свеце.
— Хухххх! — Рванае Вуха ўздыхнуў і паціху рушыў далей. Усё-такі ён страціў шмат крыві, трэба было і паесці, але на гэта не заставалася часу. Раніцай ён дагоніць статак і павядзе яго зусім у іншы бок, у тыя месцы, дзе лепш і адкуль ужо ён не пойдзе ніколі. Калі спатрэбіцца, ён выцесніць хітрасцю ці сілай іншых істот з іх мясцін і завядзе статак туды, дзе ён будзе ў бяспецы. А статак, напалоханы, зацкаваны, накіроўваўся між тым якраз у той бок, куды вандраваць не трэба было ні ў якім выпадку. Рванае Вуха ведаў, што там яго чакае пагібель.
Ён набраў у грудзі паветра, каб выдыхнуць яго ў абураным «груфф!», як раптам насцярожыўся і застыў на месцы. Вялізныя вушы яго, нібы лакатары, павярнуліся ў той бок, дзе за мноства крокаў адсюль пачуліся гукі, якія падказвалі яму аб набліжэнні новага ворага. Хто быў вораг? Рванае Вуха яшчэ не вызначыў гэтага. Але хутка па характары гукаў зразумеў — не, не двухногі. Было ясна толькі, што незнаёмы ўчуў яго і менавіта сюды скіраваў свой шлях. Рванае Вуха, які не баяўся ні ваўкоў, ні мядзведзя-бадзягі (даводзілася ўступаць у бойку і з ім) ці якога іншага насельніка лесу і ніколі нікому не саступаў дарогі, зараз пачаў вагацца. Ён шкадаваў часу, бо клопат пра статак быў цяпер самы асноўны. Да таго ж рана непакоіла яго. Ён адчуваў слабасць, а бегчы, каб дагнаць статак, трэба было ўсю ноч.