Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 45

Юры Станкевіч

Ганчак і другая лайка ўцяклі. Рванае Вуха разумеў, што яны пабеглі да сваіх гаспадароў і ў бліжэйшы час наўрад ці асмеляцца напасці на яго зноў.

Толькі цяпер ён адчуў боль у карку і пах уласнай крыві, якая сцякала пад жывот і потым на снег — двухногія здолелі параніць яго. Але ж гэта не вельмі непакоіла: нейкім сваім пачуццём ён разумеў, што рана не цяжкая. Ён баяўся за статак, які знік, нібы растаў у гэтым незнаёмым, каварным лесе. Ён раней прывёў яго сюды, кіруючыся сваёй інтуіцыяй, але атрымлівалася так, што яна падвяла яго. Рванае Вуха жыў ужо шмат гадоў і даўно зразумеў, што колькасць гэтых пражытых гадоў неяк разыходзіцца з пачуццём вынослівасці, спрытнасці і сілы. I хаця ўсё гэта ў яго яшчэ было, ён старэў. Вялізныя вушы, адно з якіх было парванае ў шматлікіх бойках з іншымі секачамі, чулі не так далёка, як раней, вочы бачылі горш (большая частка дзікоў, кажуць, бачыць толькі тое, што побач), а ногі сталі не такія хуткія і моцныя, як у маладосці.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, ён меў вялікі вопыт, што для жыцця статка было найважнейшым. Гэты вопыт і падказваў яму зараз, што статак тэрмінова трэба вывесці з небяспечных мясцін, хаця і багатых кормам. Лепш заўсёды трымацца далёкіх запаведных краёў, дзе ніколі не гучаць стрэлы, не ліецца кроў і дзе, хаця і багата такіх жа статкаў і не хапае часам прасторы, усё-такі лепей, бо там няма двухногіх з іх грымучымі палкамі, якія забіваюць на адлегласці.

Ён разумеў, што статак, пэўна, быў ужо далёка. Адшукаць яго ўвогуле было няцяжка, але ён страціў шмат сіл і траціў іх з кожнай кропляй крыві, якая цякла, хаця і не так моцна, як раней, і казытала парослы сіваватай шчэццю жывот.

Рванае Вуха прыслухаўся і ўцягнуў паветра. Разам з гэтым паветрам ён улавіў мноства пахаў, якія зараз гаварылі яму аб тым, што рабіць далей. Трэба было неадкладна рухацца ўслед за статкам, але яшчэ больш глыбокі інстынкт падказаў яму пабыць крыху нерухомым, бо тады хутчэй спыніцца кроў.

Зіма для яго заўсёды была самым цяжкім часам. I не таму толькі, што зямлю накрываў снег, надыходзілі маразы, менш станавілася ежы — усё гэта не страшна для статка. Горш, жахлівей было тое, што загадкавыя і ўсемагутныя двухногія пачыналі ў гэты час аблавы, пасля якіх статак меншаў. Рванае Вуха вучыўся абмінаць небяспеку, хітрыць, адцясняць слабейшых, абыходзіць моцных. Ён, безумоўна, не мог ведаць сэнсу паводзін і ўчынкаў двухногіх, але, калі выпадала, заўсёды імкнуўся зразумець наваколле, увесь няпросты свет, у якім жыве шмат розных істот. Абвостраным сваім чуццём ён угадваў наступленне цяжкіх часін і імкнуўся толькі да аднаго — захаваць, абараніць статак. Але рабіць гэта станавілася ўсё цяжэй. Ён старэў, а жыццё ўсё паскарала і паскарала свой няўмольны бег, і каб паспяваць за ім, трэба было прымярацца і рабіць так, як раней ніколі не даводзілася рабіць.