Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 44

Юры Станкевіч

— Пачытай, што там, — сказаў есаул. — Ты ж адукаваны! I не ведаю, што б я без цябе з гэтай французнёй рабіў!

Маладзенькі харунжы зачырванеўся ад пахвалы.

«…Як шаўкапрад з шаўкоўніцы, я ўволю наеўся з дрэва жыцця. Наеўшыся, ён адчувае патрэбу поўзаць і ткаць сабе шаўковую турму. Так і пісьменнік».

Ён пераклаў.

Есаул засычэў расчаравана.

— Пэўна, нейкі пісака, — сказаў харунжы.

— А прозвішча?

Харунжы пагартаў сшытак.

— Анры Бейль, — сказаў ён.

Рванае Вуха

Апавяданне

I ўсё-такі стрэлы грымнулі нечакана, бо ён позна пачуў сабак, якіх раней мог пачуць на вялікай адлегласці. 3 трывожным «грухх-грухх!» статак імкліва кінуўся прэч: ладныя самкі і вепрукі — адзін з іх з віскам заараў у снег і застаўся ляжаць — маладыя дзікі, якія паспелі вырасці за некалькі месяцаў, і ён, важак па мянушцы Рванае Вуха, таксама кінуліся прэч. У гэты момант цмокнула, хвастанула вышэй лапаткі ў карак, але ён ужо набраў хуткасць, імчаўся ў супрацьлеглы бок.

Ззаду чуўся ўзбуджана-істэрычны брэх: пусцілі сабак. Рванае Вуха ўжо ведаў, што рабіць у такіх выпадках, бо меў адпаведны вопыт. Трэба было звесці сабак за сабой, каб мог пазбегнуць пагоні статак, а потым — потым ён ім пакажа. Рванае Вуха адчуў, як у ім закіпае лютасць. Ён знарок не вельмі спяшаўся, і сабакі лёгка наганялі яго. Сабак было чацвёра. Наперадзе імчалася маладая гончая-двухгодка. За ёй з бакоў ляцелі дзве лайкі, а апошні рытмічна адмахваў, слаўся па снезе пяцігадовы ганчак. Выгляд велікана-секача, які так спрытна пакідаў поле бою (а такога вялізнага яны ніколі яшчэ не бачылі), намнога павялічваў іх храбрасць. Вось ён, уладар лесу і гэтых мясцін, уцякае, паранены іх гаспадарамі, і кроў яго на снезе п’яніць іх, штурхае наперад. Яны ўжо амаль хапалі яго за ногі, калі Рванае Вуха пачаў рабіць так, як рабіў шмат разоў раней у такіх выпадках, бо цяпер ён упэўніўся, што двухногія пабягуць за сваімі сабакамі і пакінуць у спакоі статак.

Ён прыбавіў хуткасці і адарваўся ад гончай, якая аж вішчэла ў яго за спінай, уламаўся ў кустоўе, імкліва затармазіў, раптам рэзка павярнуўся і з усёй спрытнасцю, на якую быў здольны, кінуўся насустрач сваім нахабным ганіцелям.

Малавопытная маладая сука не зразумела яго манеўру, а калі зразумела, то было ўжо занадта позна. Апошняе, што яна ўбачыла і адчула, — было нешта маланкавае і жахлівае, што раптам вылецела з хмызняку ёй насустрач. Потым лес навокал і неба закружыліся ў яе вачах, і больш яна нічога не бачыла, бо Рванае Вуха ўдарам магутных іклаў імгненна разарваў ёй жывот, падкінуў у паветра і, калі яна ўжо кацілася па зямлі, затаптаў у снег.

Усё было настолькі нечакана, што астатнія сабакі літаральна аслупянелі і не напалі на яго ўсе разам. Рванае Вуха ведаў, што гэты іх стан працягнецца нядоўга, сабакі абкладуць яго з усіх бакоў, а іх гаспадары не так ужо і далёка. Таму ён адразу кінуўся да бліжэйшай лайкі. Гэта быў моцны і рухавы самец з падціснутымі па-ваўчынаму вушамі і закручаным абаранкам хвастом. Той паспеў адхіліцца ад першага ўдару, але Рванае Вуха быў знаёмы са звычкамі сабак. Ён зрабіў падманны рух і дастаў усё-такі, прыціснуў да зямлі гэтую ненавісную, нахабную, істоту, якая завішчала ад смяротнага страху. Іклы праткнулі лайцы грудзі, і тая, адразу захлынуўшыся крывёю, змоўкла.