Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 43
Юры Станкевіч
Да яго, смеючыся, падыходзіў Андрэ Дам’е, высокі, бялявы, востры на язык. Следам — Жан Вірэ — афіцэр прыкладна яго ўзросту.
Ён паціснуў рукі знаёмым са штаба Дару. Адчуў, што стомлены страшэнна. Хацелася спаць.
Дару было не да яго. Мімаходзь прагледзеў пошту, прабурчаў нешта, махнуў рукой, адсылаючы.
Ноччу ўдарыў мароз. Каля вогнішчаў спалі ўпокат, варушыліся, стагналі, трызнілі салдаты. На небе ліхаманкава зіхацелі зоркі. Інтэндант неўзабаве прачнуўся ад холаду, грэўся побач з салдатамі. Да раніцы ён сабраў у сакваяж рукапісы, дзённікі, кінуў у агонь непатрэбнае.
Пасля поўдня два масты былі ўрэшце гатовыя. Імператар асабіста назіраў за работай. Тут жа былі спалены прапары і штандары палкоў. Арміі больш не існавала. Як і заўсёды ў прысутнасці імператара, сапёры з апантанасцю самазабойцаў у ледзяной вадзе завяршалі сваю справу. Кожны з іх адчуваў, што загіне. Генерал Эбле, які кіраваў работамі, вылез з вады, але на беразе страціў прытомнасць і зваліўся на рукі афіцэраў. Яго пацягнулі да вогнішча.
На другі бераг у ліку першых пераправіўся імператар са старой гвардыяй. За імі пацягнулася артылерыя, пяхота.
…Уведзеныя ў зман асноўныя сілы рускіх спяшаліся на месца сапраўднай пераправы, уступалі ў бой.
Казакі напалі, як заўсёды, нечакана.
— Божа, злітуйся над намі! — маліўся побач Жан Вірэ. Ён і Андрэ Дам’е схаваліся за возам, адстрэльваючыся з пісталетаў.
— Сцеражыся, Анры!
Асунуўся з прабітай галавой Дам’е. Кроў пырснула на снег. Заенчыў працяты пікай салдат.
Адзін з казакаў імчаў проста на яго. Інтэндант разгледзеў барадаты твар, занесеную шаблю. Кінуў непатрэбны пісталет. «Зараз заб’е», — мільганула думка. Раптоўна схапіў сакваяж, падставіў рыўком пад удар. Ляснула зверху, пранёсся побач, храпучы, конь. Пасыпаліся на снег кнігі, дзённікі.
— Дзе ты, Вірэ? — ён заўважыў, што з-пад воза тырчаць ногі ў падраных ботах, пацягнуў да сябе. — Жывы?
Плюючыся, той выціраў далонямі твар, нібы рыба, хапаў разяўленым ротам паветра. Заўважыў кроў, мёртвага Дам’е.
— Глядзі, Вірэ, сёння я атрымаў самы вялікі ганарар за ўвесь час. Кошт яго — жыццё. — Інтэндант паказаў рассечаны сакваяж. — Хто пасля гэтага скажа, што заняткі літаратурай не прыносяць карысці?
Казакаў адбілі. Зарыпелі абозы, папаўзлі на масты. Кінуўшы ўсё, нават цёплую футэрку, інтэндант бег да ракі. З натоўпам салдат праціснуўся на мост. Той пачынаў ужо асядаць у ваду. Хісталіся пад нагамі бёрны, лагі.
Як і заўсёды, нібы збоку, назіраў ён за сабой у хвіліны небяспекі. «Ці не баязлівец я?»
Другі мост пад цяжарам абозу абрынуўся якраз пасярэдзіне. Плынь паглынала людзей, рыштунак.
Трэба было шукаць каня.
— Зірні, у такіх сакваяжах возяць сакрэтную пошту, — сказаў есаул маладому смугляваму харунжаму.
Сотня спынілася на адпачынак. Казакі, у задачу якіх уваходзіла канваіраванне палонных, напаілі коней і чакалі загаду рухацца далей.
— А ну падымі, — загадаў харунжы ардынарцу. Той пацягнуў за ланцужок, расчыніў.
— Кніга, — сказаў ён, — і сшытак, і на зямлі некалькі.
— Дай сшытак, — сказаў харунжы, — кнігу не трэба.
Ён разгарнуў сшытак.