Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 21

Юры Станкевіч

— Ну і дзе яна зараз?

— Здохла. Стары, што карміў, запіў.

— І ваўка туды ж перавядзеш, — сказаў Рыгор.

Але Арцём раптам спыніў яго.

— Стой, пачакай тут трохі.

Рыгор затармазіў ля звычайнага пяціпавярховага дома і выключыў матор. «Што з яго возьмеш, — думаў ён пра Арцёма. — Крыўдаваць на такога няма чаго. Так яго выхавалі. Шчанюк яшчэ. Сапраўды, пасталее, пройдзе армію, тады і жыццё пачне разумець».

Арцём вярнуўся хвілін праз дзесяць. Ён быў не адзін. Разам з ім падышлі да машыны двое: рыжы змрочны хлопец з вострым падбародкам і прыўзнятым левым плячом і высокі пафарбаваны пад бландзіна вельмі худы, апрануты ў джынсавы касцюм-камбінезон.

— Прывітанне! — сказаў бландзін, пазяхаючы.

Рыгор кіўнуў яму і ўбачыў, што з Арцёмавай нагруднай кішэні, як і раней, выторкваліся блакітныя дроцікі — значыць, здагадаўся ён, не ў гэтым месцы жыў Данілавіч. Павёз, шпачок настырны, спачатку ўсё-такі да сваіх сяброў. Рыгор узлаваўся. Ён крануў ключ запальвання.

— Да пабачэння! Няма калі з вамі, хлопцы, у мяне работа чакае.

Але Арцём апярэдзіў яго, затрымаў руку.

— Падкінь нас на птушыны, — папрасіў ён і як ні ў чым не бывала падміргнуў сваімі незразумелымі раскосымі вачыма.

— Ты сур’ёзна? — спытаў Рыгор.

— Анягож, — адказаў за Арцёма Бландзін. — Купім ваўка і назад. Бо, як кажа мой бацька, не адкладай работу на суботу, а… на старасць.

— Не паеду, — рашуча буркнуў Рыгор. — Прадалі даўно таго ваўка.

— А вось гэта невядома, — сказаў Арцём.

— Вам забава, а людзям клопат, — стаяў на сваім Рыгор.

— Што ты за «кента» нам падсунуў? — зневажальна спытаў у Арцёма Рыжы.

— Я табе не «кент», — абурыўся Рыгор. — Шукай таксі і едзь куды хочаш, а мне з табой не па дарозе.

— Можам і на таксі, — спакойна заўважыў Рыжы. — У нас грошай не лічаць. Гэта ты жабрак.

— І без цябе, гандзюля, дабяромся, — засмяяўся і Бландзін.

Ён плюнуў, і сліна трапіла на крыло машыны. Чамусьці гэта ўзвар’явала Рыгора больш за ўсё, і ён выскачыў з кабіны.

— Ану вытры!

Але Рыжы, які стаяў да яго бліжэй за ўсіх, спрактыкавана і хутка, так, што Рыгор не паспеў і падумаць, без размаху стукнуў яму бакавым злева, і ён абсунуўся долу, не ўпаў, паспеў ухапіцца за ручку кабіны, але ў галаве загуло і фігуры ўсіх траіх на імгненне расплыліся перад ім. Ён патрос галавой.

— Не трэба больш, — сказаў ляніва Арцём. — Досыць яму!

— Ну што? — спытаў Бландзін здзекліва. — Як свінг? Ведай, цябе чэмпіён вобласці пачаставаў, не хто-небудзь!

Рыгор ірвануўся да яго і з усёй сілы ўдарыў яму галавой у твар. Усё-такі і ён нешта кеміў у бойцы. Бландзін рохкнуў, нібы япрук, і пачаў асядаць на зямлю. З носа ў яго пырснула кроў. Але Арцём трымаў ужо яго за рукі, а Рыжы зноў ударыў, спакойна, нібы па мяху ў спартыўнай зале, і Рыгор зразумеў, што яго адолеюць.

— Бі!

— Па пысе яму!

— Вытры сам, пралетарый вясковы! Ёлуп!

Яго таропка білі хвіліны дзве, пакуль не закрычалі прахожыя. Потым хлопцы лагодна і не спяшаючыся пайшлі прэч. Рыгор кінуўся за манціроўкай, але інструменты былі схаваны далёка пад сядзеннем — пакуль дастанеш. «Ды што манціроўка, — падумаў ён раптоўна. — Хіба ёй навучыш такіх?»