Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 23

Юры Станкевіч

Сабакі з шэрай, карычневай ці рыжай поўсцю асабліва вабілі яго. Шкуру яму вырабляў сусед — стары інвалід, а вырабы з іх шыла жонка-краўчыха. Кожная шапка прыносіла яму не менш як сто рублёў, унты яшчэ больш, бо іх упадабалі жанчыны, а дублёнкі яны хапалі за любыя грошы. Жанчына ж нічога не пашкадуе, каб выглядаць лепш за сябровак. А што мех сабачы, хіба яна ведае? Кажы янотападобны сабака ці ўвогуле амерыканскі янот, і табе абавязкова павераць, бо хочуць верыць.

У кааператыў Шахоцька афармляцца не хацеў, баяўся падаткаў, таму «з понтам», як ён любіў гаварыць, уладкаваўся нарыхтоўшчыкам у прыгараднае сельпо. Ён меў не толькі матацыкл, а і дзевятую мадэль «Жыгулёў», кааператыўную кватэру і глядзеў далей. Яму яго хопіць. Убачыўшы ваўка, ён хутка сцяміў, што за ваўчыную шапку можна атрымаць не менш як дзве паперы — дзвесце рублёў.

Між тым у капялюш, які трымаў Акцёр, кінулі рубель, потым нехта яшчэ адзін. Акцёр патрос капялюш і пачаў лічыць.

— Сорак дзевяць рублёў, — сказаў ён і звярнуўся да Карнюшкі:

— Можа, досыць табе?

— Не. Шэсцьдзесят. Меней не аддам.

— Прагнасць цябе загубіць, — заўважыў Студэнт.

— Паменшацца статкі твае, і занядбае хата твая, — буркнуў Акцёр.

Мешчанін узняў руку, і вочкі яго бліснулі за шкельцамі акуляраў.

— Пачакайце, у мяне ідэя!

— Ну? — спытаў Філосаф паважліва.

— Я ж побач жыву. Зараз прынясу грошы. Вось і справа вырашыцца.

— Чуеш? — ціхенька сказаў Студэнт на вуха Карнюшку.

Той адсунуўся ад яго ўбок.

— Мне спяшацца няма куды.

— Бласлаўляю цябе! — узнёсла сказаў Акцёр Мешчаніну і жартоўна перахрысціў.— Ідзі, сын мой!

Радасны Мешчанін растварыўся ў натоўпе.

— А як сініца? — спытаў Акцёр у Філосафа. — Бадай, цяпер не купіш, — паспачуваў ён.

Той усміхнуўся.

— Каб тыя грошы! Скупіць усіх птушак ды на волю выпусціць! А дачцы пра ваўка раскажу — яна не пакрыўдзіцца. Кажуць, што дзеці жорсткія, але, мяркую, яны ўсё ж лепей за нас.

На кароткі час з-за хмары выслізнула сонца. Акцёр прыжмурыў вочы, Філосаф выпрастаў з-за каўняра няголеныя, з ранняй сівізной шчокі, Студэнт знерухомеў і задумаўся. Карнюшка зняў сваю «васьміклінку», і нават Луп уздрыгнуў, паварушыў вушамі — адчуў цяпло.

— Ідзе! — раптам сказаў Студэнт. — Я бачу.

Здалёк Мешчанін узняў руку. У яго кулаку былі заціснутыя грошы.

— Дзесяць. Больш няма, — сарамліва паведаміў ён.

Акцёр падставіў капялюш.

— Пяцьдзесят дзевяць.

— Чорт з вамі, — махнуў рукой Карнюшка. — Забірайце і рабіце з ім што хочаце. Давайце грошы!

Акцёр раптам задумаўся.

— Як забіраць? — спытаў ён. — А калі ён мяне пакусае? Куды, у які лес яго весці? Я ж не ведаю.