Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 20

Юры Станкевіч

Іван Фядосавіч неўзабаве вярнуўся і паказаў Рыгору чорную скрыначку памерам з хлебны акраец, ад якой адыходзілі два тонкія блакітныя дроцікі з клемамі на канцах.

— Звычайны супрацьбалявы электрастымулятар, — растлумачыў ён. — Калі ў цябе радыкуліт, то лепшай рэчы ў гаспадарцы не знойдзеш. Прыклеіў клемы пластырам, уключыў і — лячыся. Але ж паспрабуй купі — нідзе няма. А я дастаў. Цяпер з Пятром Данілавічам ратуем адзін аднаго. Ён мне чым дапаможа, а я яму. Тэлефанаваў вось з раніцы, што ўчора спіну прастрэліла, не магу, кажа, распраміцца. Ну, трэба адвезці. Зразумеў, хлопча?

— Адвязу, — сказаў Рыгор, — чаму не дапамагчы чалавеку?

Арцём забраў у бацькі скрыначку, а Рыгор старанна схаваў паперку ў кішэню, і яны пайшлі ўніз.

— Слухай, — сказаў Рыгор, заводзячы рухавік, — мне галоўнае — на базе ўсё вырашыць, дык я цябе да таго Данілавіча завязу, а назад ты ўжо сам дабірайся. Згода?

Арцём пакрыўдзіўся.

— Быццам дамовіліся. Заедзем спачатку ў бюро паслуг, што ў Доме быту, — касеты мае забяром. Там у мяне «кент» працуе. Калі хочаш, ён і табе класную музыку перапіша. «Дэпэшэ Мод», «Металіка», «Круіз». Ну, заплоціш, колькі там каштуе, і на лапу дасі. І яму жыць трэба. Касеты толькі давай.

— Мне яшчэ на птушыны рынак заехаць, — растлумачыў Рыгор. — Там ваўка аднавясковец прадае. Прадаў ці не, а забраць яго трэба, дамоў абяцаў завезці. А рок я наш люблю, беларускі.

Арцём страпянуўся.

— Ваўка?

Рыгор неахвотна расказаў пра Карнюшку, пра Лупа, пра тое, што ў вёсцы і дасюль спрачаюцца: быць ці не быць ваўку.

— Кажаш, штодня вые? — не паверыў Арцём.

— Тройчы ў суткі, — абыякава сказаў Рыгор і дадаў: — Ты ж гавары, куды ехаць.

— Прама, потым улева. А колькі той пэйзан хоча за яго?

— Хто?

— Пэйзан. Ну, селянін.

— А-а, — усміхнуўся Рыгор. — Казаў, рублёў семдзесят.

Арцём захваляваўся.

— Дык едзем разам. Я куплю!

— А грошы?

— Скінемся. У мяне трохі ёсць і з сяброў па чырвонцу.

Рыгор здзівіўся.

— Навошта ён табе?

— У пахана ж дача. А ён там амаль і не бывае. А я таго Лупа туды б адвёз. Карміць адзін стары будзе, сусед. Мне і трэба, каб выў! Уяўляеш, Новы год хутка, збяромся там з дзяўчатамі, а ён завые. Вось будзе ўсім страху! Кайф, га?

Рыгор толькі ўсміхнуўся:

— Дзе разумны гаруе, там дурны весяліцца.

— Хто дурны, я? — удакладніў Арцём.

— Ну, не я ж, — нявесела сказаў Рыгор. Арцём спахмурнеў. Яго маленькія чорныя раскосыя вочкі злосна бліснулі.

— Плявузгота твая мне не ў масць.

Пусты грузавік лёгка каціўся па асфальце. Рыгор пільна ўглядаўся ў знакі: у цэнтр горада грузавому транспарту ўезд звычайна забаронены і ён баяўся як-небудзь прапусціць. «Праб’юць дзірку ці ўвогуле правы адбяруць», — падумаў ён.

— Ды што ты разумееш, дзярэўня, — зноў помсліва пачаў Арцём, — вось у мяне раней таксама падарунак для гасцей жыў на дачы. Птушка. Раўла ноччу. А сама невялікая, ну з кілаграм важыла. Рыбай у асноўным харчавалася. А голас — быццам бык раве. Толькі паснуць усе, а яна як раўне! От хіпеж узнімаўся!

— Бугай балотны, ці хто? — спытаў Рыгор.

— Чорт яе ведае. А зараве — поўны балдзёж!