Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 19

Юры Станкевіч

Але Рыгору не шанцавала. На базе доўгі час не было ні загадчыка майстэрні, ні начальніка. Рыгор пабадзяўся па тэрыторыі, пасядзеў у кабіне, пакорпаўся ў рухавіку і паціху зазлаваў. Урэшце загадчык з’явіўся, але на Рыгора, які адразу падляцеў да яго, глянуў няўважліва, сказаў:

— Згода, твой рухавік забіраем, але ж новы не выдаём.

— Абгрунтуйце мне ўсё пісьмова, каб я свайму старшыні прад’явіў, — патрабаваў Рыгор.

— Ты, хлопец, не крыўдуй, але без подпісу начальніка не магу. Справа нязвыклая. Аддам табе за тваё ламачча новы рухавік, а потым, калі што не так, дык мне адказваць. А Фядосавіч хварэе.

— Марудна нешта перабудоўваецеся, — злосна ўпікнуў Рыгор.

— У мяне адна галава! — незалюбіў загадчык.

— Без рухавіка дамоў не паеду, — зацята сказаў Рыгор. — Аднаго бензіну спаліў колькі. Грошы ж калгасныя!

Загадчык падумаў і параіў:

— А ты з’ездзі да Фядосавіча дамоў. Падпішы паперу, і мы цябе ўлагодзім.

Рыгор павесялеў.

— Давайце адрас.

…Ён неўзабаве знайшоў дом і кватэру, дзе жыў начальнік, але доўга прастаяў ля парога, усё ціснуў на званок, які, пэўна, быў няспраўны. Потым дзверы адчыніліся, але замест Івана Фядосавіча, начальніка базы, якога Рыгор бачыў раней, перад ім узнік малады хлопец, яшчэ падлетак. З рухавага скуластага твару на Рыгора падазрона ўталопіліся заспаныя вочы. Пафарбаваныя валасы пасмамі тырчэлі ўгору.

— Што трэба? — спытаў ён.

— Івана Фядосавіча, — сказаў Рыгор.

— А, да пахана, — паспакайнеў хлопец. — Ну, заходзь.

Гаспадар, рухавы, вельмі ўвішны мужчына гадоў сарака, але таўсматы, апрануты ў махровы халат, сустрэў яго незадаволена.

— Няма і дома спакою, — роблена забурчэў ён. — Ну, што ў цябе?

Рыгор растлумачыў.

— Як ты думаеш, гэта добра, што яны без мяне і дробязь вырашыць не могуць?

«Дарослы мужчына, а какетнічае, як баба», — мільганула ў галаве ў Рыгора, але ён сказаў:

— Гаспадар, як стырнавы ў моры, пэўна ж, за ўсё адказвае.

Іван Фядосавіч уважліва ўгледзеўся ў Рыгораў твар і не паверыў:

— Ты, бачу, жук, — урэшце сказаў ён. — У арміі служыў ці не?

— Анягож, — пацвердзіў Рыгор.

— Тады жыццё разумееш. А то зараз моладзь. Унь мой яшчэ саплямі булькае, а паспрабуй што сказаць супраць — глядзіць скоса. У арміі, мяркую, навучаць.

Рыгор неакрэслена паціснуў плячыма.

— Хм. Ну, згода. Не буду цябе затрымліваць, такога нецярплівага, — сказаў Іван Фядосавіч і дастаў ручку. — Вось пішу табе цыдульку, і кіруйся да майго намесніка. Хоць, — ён глянуў на гадзіннік, — наўрад ці да абеду паспееш, а з двух да трох там нікога не будзе.

— Нічога — сказаў Рыгор, — гадзіну якую пачакаю.

Іван Фядосавіч аддаў яму паперку.

— Машына твая ўнізе? — спытаў ён. — Ты адзін?

— Але.

Іван Фядосавіч гукнуў:

— Арцём!

— Ну чаго табе? — усунуў галаву ў пакой пасматы.

— Вось што, — сказаў Іван Фядосавіч Рыгору, — у цябе ўсё роўна амаль гадзіна ў запасе, дык зрабі і мне ласку, адвязі з маім бэйбусам — ён ведае, куды ехаць, — майму сябру Пятру Данілавічу адну невялікую рэч. Я зараз прынясу.

— Гэта недалёка, — пацвердзіў Арцём. Ён, здаецца, быў не супраць ехаць, абы з хаты. — Пракацімся і па сваіх справах што-небудзь зробім.