Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 22

Юры Станкевіч

Ён зірнуў у бакавое люстэрка і пакратаў сківіцу. Пад вокам імкліва распухала чырвань. «Дажыўся — падлеткі падмаладзілі».

Бландзін азірнуўся і крыкнуў амаль весела:

— Калхознік!

Але гэты зусім дурны вокрык чамусьці наадварот супакоіў Рыгора. Ён прыклаў да вока ключы ад запальвання і палез у кабіну.

14 гадзін

Ля будкі шаўца, дзе паўкругам тоўпіліся і з цікавасцю аглядалі Лупа людзі, з’явіўся аднекуль малады, зухаваты хлопец. Спачатку ён прыслухоўваўся. Гутарка навокал ішла шчырая, але бяссэнсавая. Хлопец быў апрануты ў цёплы спартыўны камбінезон. Вочы яго цупка ўглядаліся ў кожнага чарговага прамоўцу, але ўвесь час неяк кпліва. Асіметрычны твар са зрэзаным падбародкам і ямкай пасярэдзіне быў акуратна паголены. Даўгія рукі даставалі амаль да каленяў. Урэшце ён энергічна пасунуўся бліжэй да Карнюшкі і спытаў напаўголасу, але выдалася паўза і яго пачулі.

— Выліняў твой звер ці не? Памацаць я ж не магу.

Карнюшка няўцямна зірнуў на яго і адказаў няўпэўнена:

— Мусіць, ліняў.

Луп раптам захваляваўся, выскаліў іклы, поўсць на яго спіне стала дуба. Ланцуг нацягнуўся.

Хлопец адступіў на крок.

— Даю чацвяртак, і расход, — сказаў ён.

— Ага, уладальнік дачы з’явіўся. Так ці не? — спытаў хлопца Акцёр.

— Няма яшчэ дачы.

— А воўк навошта?

— Згадзіцца ў гаспадарцы. Немаўлятка і тое да сябе ўсё цягне. Чулі такую ісціну?

Мешчанін выступіў наперад. Ён прыкметна хваляваўся.

— Ведаю я тваю гаспадарку, — сказаў ён. — Злупіш шкуру і шапку пашыеш. Потым прадасі.

І ён звярнуўся да ўсіх, удакладніў:

— Сусед мой, па прозвішчу Шахоцька. Усіх сабак навокал пазводзіў, сабакар ты чортаў! Мой Пірат летась прапаў. Твая работа!

— Цьвэнькаеш абы-што, салавей стары! Надакучылі мне твае песні.

— Сабакар ты там ці хто, усё ж цішэй крыху, — уладна заўважыў яму Акцёр. — Бачыш, мы тут важную справу вырашаем. Замры!

І Шахоцька змоўк, хоць і не думаў пужацца. Ён не стаў пярэчыць, бо паважаў сілу, а Акцёр быў раза ў паўтара буйней за яго, да таго ж з ім былі ўсе гэтыя дзіўныя, на яго погляд, людзі: Студэнт, Філосаф, нават нягеглы сусед, якога тут празвалі Мешчанін.

— Мабыць, нешта не так? — спытаў ён. — Прадаюць, а я купляю. А ты, суседзе, яшчэ пашкадуеш.

— Грозен рак, ды вочы ў с… — буркнуў Студэнт.

Навокал засмяяліся.

Філосаф кіўнуў на Мешчаніна і паўшчуваў:

— Навошта суседа крыўдзіш?

— Ён паклёп на мяне ўзвёў!

— Годзе! — узвысіў голас Акцёр і махнуў капялюшам. — Хто яшчэ за свабоду?

Але грошай больш ніхто не ахвяраваў.

— О тэмпера, о морэс! — уздыхнуў Акцёр і зняў з рукі танны электронны гадзіннік.

— Прадаю!

— Колькі? — спытаў Шахоцька.

— Пятнаццаць!

— Чырвонец даю!

— Ну і таракан! — фыркнуў Студэнт. — І ён з майго пакалення?

— Забірай, — сказаў Акцёр. — Няхай звер жыве свабодны. За тое, што сына майго не крануў.

Ён кінуў у капялюш чырвонец.

Валерый Шахоцька паклаў гадзіннік у кішэню. Ён увогуле меў звычку прыбіраць да рук усё, што давала прыбытак. У яго сапраўды было своеасаблівае хобі, занятак, які прыносіў яму добрыя грошы. Ён лавіў беспрытульных сабак, забіваў іх, а з меху вырабляў кучумкі, унты, нават дублёнкі тыпу «аляска». Сабачы мех толькі дурням здаецца нічога не варты. У яго ж усё прыносіла грошы: сабакі, кошкі, тхары, краты, іншы раз і лясны звер. Але паляўнічым Шахоцька не быў. Дый навошта яму клопаты з ружжом, порахам, ліцэнзіямі? Цікуюць за паляўнічымі ўсе, нават піянеры, а за зверам трэба добра пабегаць. Час трэба. А час — гэта грошы. Куды зручней і мэтазгодней магутны матацыкл, добры мех, а ў кішэні дзесяцізарадны малакаліберны пісталет Марголіна з бязгучнай насадкай на ствале. Усё гэта ў яго было напагатове.