Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 18

Юры Станкевіч

Акцёр, які толькі апрытомнеў і перамог немалую боязь, раптам адчуў гонар за сына.

— Ну што, — спытаў ён у Карнюшкі, — чаму твой звер не кусае?

Карнюшка ссунуў шапку са змакрэлага лоба.

— Дзіўна, — сказаў ён. — Цуд!

Мастак, які назіраў увесь час за ваўком, зрабіў крок наперад і скінуў рукзак.

— Больш не раю нікому падыходзіць, — сказаў ён змрочна. — Я іх звычкі крыху ведаю. Папярэджваю — не рабіце глупства!

— Чаму? — спытаў Акцёр.

— Ваўкі незвычайна чуллівыя і нервовыя істоты, — растлумачыў Мастак. — Пра іх мне шмат парасказвалі. Па-першае, яны беспамылкова вызначаюць небяспечных для сябе людзей, а па-другое — ён дзіцё пашкадаваў, а даросламу не даруе.

Мастак хацеў ісці далей, але раптам перадумаў. Ён выцягнуў з рукзака вялікі блакнот, з бакавой кішэні дастаў аловак і пачаў маляваць. З’явіліся лабатая галава, моцныя лапы, падгалістае тулава, ланцуг.

Студэнт з цікаўнасцю зазірнуў яму ў блакнот жоўтымі вачыма.

— А вось і Мастак з’явіўся, — з павагай сказаў ён.

Акцёр апусціў на зямлю сына і ўсхвалявана агледзеў купку людзей.

— Людзі! — сказаў ён. — Людзі мы ці не? Чаму пакутуе жывёла на ланцугу? Што мы збіліся, як авечкі ў дождж?

— Волю ваўку! — падтрымаў яго Студэнт. — Ён дастойны яе!

— Так, — ажывіўся Філосаф. — Волю яму!

— Адпусці звера!

— Няхай жыве!

— У лес яго!

— Яшчэ чаго, — сказаў Карнюшка. — Карміў колькі, а цяпер адпусціць? Няма дурных!

— Досыць! — ускіпеў Акцёр. Ён зняў з галавы капялюш (галава аказалася вялікая, а на макаўцы была лысіна), выцягнуў з кішэні чырвонец і кінуў туды. — Вось усё, што маю! Падтрымайце! Выкупім жывёліну, і няхай яна будзе вольная! Навошта яму ненавідзець нас, а нам яго!

У натоўпе заварушыліся.

— Я дам, — раптам сказаў Мешчанін. — У мяне восем рублёў.

Філосаф дастаў і паклаў у капялюш грошы.

— І я даю пяцёрку.

— А я траяк, — сказаў Студэнт. — Больш няма.

— Вось дык дзівакі! — крыкнуў нехта.

— І я дам, — сказаў Мастак і палез у кішэню. — Прымаеце ў кампанію?

— Брава! — крыкнуў Акцёр. — Хто яшчэ, чалавекі?

Купка людзей пачала прыкметна радчэць. Вецер узмацніўся, па небе ўвесь час беглі хмары. Самотная варона, седзячы на слупе, аглядала з вышыні рынак. Яна зрэдку каркала металічным голасам і чысціла дзюбу аб бетон.

Мастак дастаў з кішэні грошы, аддзяліў пяцёрку і паклаў Акцёру ў капялюш. Ён зноў ускінуў рукзак на плечы і хацеў рушыць прэч, але Акцёр спыніў яго і таропка паціснуў яму руку сваёй невялікай, пухлай даланёй.

— Дзякуй, малады чалавек!

— Слава Мастаку! — крыкнуў Студэнт.

13 гадзін

База «Райаграпрамзаб», дзе Рыгор павінен быў атрымаць па абменнаму фонду рухавік, знаходзілася ўбаку ад птушынага рынку. Такім чынам ідыёцкая, на погляд Рыгора, выдумка Сямёна Карнюшкі з ваўком абяцала і яму лішні клопат. Каб Карнюшка не быў з ім з адной вёскі, Рыгор увогуле не паехаў бы на рынак, не паліў бы дарэмна бензін.

Тое, што «Райсельгастэхніка» днямі перагрупавалася ў «Райаграпрамзаб» і «Аграпрамтэхніку», было яму даспадобы. Каб адрамантаваць рухавік, ужо не трэба чакаць тыдні, а то і месяцы. Варта здаць яго, і адразу атрымаеш новы па абменнаму фонду.