Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 17

Юры Станкевіч

— Кажаш, генная інжынерыя? — зноў узвысіў голас Акцёр. — Але ж гэта выраджэнне ўсяго і ўся! Адны яе сумленна прымяняць будуць, другія — на зло!

— Сітуацыя не безнадзейная, — стаяў на сваім Філосаф. — Усё будзе можна кантраляваць.

— А СНІД? Яго як кантраляваць? А землятрусы, азонныя дзіркі, смог?

— Мяркую, пачатак ёсць, — змрочна ўсміхнуўся Студэнт. — Фініш ужо блізкі. Садом і Гамора.

— Так, — сказаў Акцёр. — Мо Страшны Суд ужо даўно пачаўся, а мы не ведаем.

— Калі — даўно? — спытаў Мешчанін.

— А вось калі ўключыўся першы радыёперадатчык. Калі першае балота асушылі.

— Містыка, — сказаў Філосаф.

— І ўсё-такі жыць цудоўна, — вырвалася раптам у Студэнта. — Нават ваўком на ланцугу. Але я супраць усіх ланцугоў у свеце.

— Ціха! — Акцёр узняў руку. — Вернемся да справы. Студэнт мае рацыю: гэта жывёла павінна стаць вольная!

— Так, так, вольная, — загаманілі, заківалі навокал, толькі Карнюшка маўчаў.

Філосаф падтрымаў Акцёра.

— Адпусці ваўка, — звярнуўся ён да Карнюшкі.

— Я яго адпушчу, а ён дзіцё сустрэне дзе-небудзь ля вёскі ды загрызе — што тады? — спытаў Карнюшка.

У натоўпе прыціхлі.

— Ды ён ад аднаго выгляду чалавека ўцячэ, — тыцнуў на Лупа Акцёр. — Мы абрыдлі яму горш за ўсё!

Ігар, які слухаў размову і адначасова назіраў за Лупам, раптам так хутка, што ніхто не здолеў яму перашкодзіць, кінуўся да ваўка і апынуўся перад ім. Луп уздрыгнуў ад нечаканасці і прыўзняў сваю цяжкую галаву. Усе раптам прыціхлі, а Акцёр сутаргава сціснуў рукі. Ён памкнуўся следам за сынам, але інтуітыўна адчуў, што яго дапамога можа скончыцца дрэнна, бо напад звера можа быць некантралюемы, а яго словы проста глупства, і спыніўся.

— Ігар, назад! — выдыхнуў ён.

Але хлопчык працягнуў пачырванелую на холадзе далонь да галавы звера, вось ён дакрануўся да кончыкаў ваўчыных вушэй і па скуры Лупа хвалямі прайшла дрыготка, і вось далонь апусцілася на ваўчыную галаву.

Луп, вядома, зразумеў, што чалавечае дзіця не пагражае яму, але ж усялякі напад, свядомы ці не, усялякае ўварванне на яго тэрыторыю заўсёды лічыў як замах на яго, які ён павінен быў адбіваць. Луп адчуваў усё гэта вельмі акрэслена і дакладна. Ён адчуваў бы сябе значна лепш, каб яму на галаву паклалі галавешку, чым гэта дзіцячая далонь, пяшчотнае цяпло якой пякло яго зараз больш за агонь. Ён увесь дрыжэў, верхняя губа прыўзнялася, і паказаліся вострыя белыя іклы, і ўсе чакалі са страхам, але ён раптам, нібы ад спакусы, адвярнуў галаву ўбок і заплюшчыў вочы. Хлопчык перамог.

Карнюшка, які спачатку стаяў як слуп, кінуўся да іх, але хлопчык ужо зняў руку з галавы ваўка, павярнуўся, ішоў назад і ўсміхаўся пераможна. Акцёр падхапіў сына на рукі.

Людзі загаманілі, заварушыліся, пачуўся нават смех. Напружанне спала.

— Ну што, пераканаўся? — з вышыні спытаў Ігар. — Чаму ж ён мяне не ўкусіў?

— Смелы малец, малайчына.

— А калі б кінуўся — ды за горла?

— Усё-такі звер.

— Якія тут жарты, дзягу зняць ды аперазаць…

— А воўк несапраўдны, не…

— Замест вартаўніка не пакінеш.

— З яго карысці, што ад свечкі цяпла.

— Лепш тую шаўку, што пад нагамі бегае. Яна хоць гаўкаць умее!