Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 13

Юры Станкевіч

— Многа ён у лесе пражыве, — скрывіўся Карнюшка, — заб’юць і прэмію атрымаюць.

— А заапарк навошта? Калі здаць туды небараку, дык і яму будзе добра, і грошы атрымаеш.

— А дзе той заапарк? Няма.

Філосаф задумаўся. Сапраўды, ён не ведаў паблізу ніводнага заапарку.

— Негуманна на ланцугу цягаць, — буркнуў Акцёр.

Мешчанін падтрымаў:

— Якая там гуманнасць! Вось я днямі чытаю ў паважанай газеце: паляўнічы пасткамі злавіў некалькі лісіц. А ў некаторых, хваліцца, лапы засталіся. А што адчувае жывёла, адгрызаючы сабе лапу?

— Калі квезала (птушка такая) пазбавіць волі, яна памірае ад разрыву сэрца, — сказаў Акцёр. Ён не ведаў, што гэта за птушка, але помніў выраз з нейкай ролі.

— А вы не задумваліся, што есці жывёл, такіх жа жыхароў планеты, як і мы, па меншай меры неэтычна? — спытаў Мешчанін. — Леанарда да Вінчы, напрыклад, не еў.

Акцёр фыркнуў.

— А што зробіш? Таблетак такіх пакуль няма, каб праглынуў — і сыты. Я не гурман, згодзен і на таблеткі.

— Усякае жыццё свяшчэннае, — сказаў Мешчанін.

— Як жа тады яго асноўны закон? — спытаў Філосаф.

— Які закон? — зацікавіўся Акцёр.

Філосаф выдыхнуў дым.

— Натуральны адбор. Адно жыццё адвяргае іншае. Слабейшы гіне.

— Калі ўсякае жыццё свяшчэннае, то навошта клапы, тараканы? — пасунуўся да іх мужчына з тэр'ерам. — Што нам іх існаванне?

— Пэўна ж, ёсць нейкі сэнс, — сказаў Філосаф, — некаторыя віды жывуць і па чатырыста гадоў. Шэрая варона, напрыклад, ці чарапаха.

— Крыўдна, — абурыўся Мешчанін. — Я памру хутка, а нейкі клоп нас усіх перажыве.

— Ведай, мала адпушчана чалавеку, — валена сказаў Акцёр. — Узнавіў да сябе падобных і памры!

У натоўпе заварушыліся, засмяяліся, загаманілі кожны сваё.

— Каб чалавеку жыць далей, яму ўсё больш трэба бялку, — сказаў Філосаф, — насельніцтва ж расце. Навошта тады нам воўк у экалагічнай нішы? Няхай яго месца зойме авечка.

Мешчанін захваляваўся:

— А як тады мядзведзі, рысі, совы, коршакі? Усе ж яны мясам харчуюцца! Дык што, усіх пад корань? Мо і кітоў — яны ж таксама бялок ужываюць, хаця і раслінны?

— На тое флатылія «Слава», — сказаў Акцёр. — Нават оперу стварылі, фільм каляровы паставілі. Гранатамі кітам у спіны — і ўсё пад музыку! Я, між іншым, такога ніколі не прыму!

— Кіты ўплываюць на клімат усёй планеты, — заўважыў Мешчанін.

Філосаф выкінуў недакурак.

— Свет хаатычны, ім ніхто не кіруе, — падвёў ён вынік. — Цягнік ляціць, а наперадзе бездань і машыністаў даўно няма.

Акцёр стаў у позу:

— Чытаю днямі ў кнізе: каго мы возьмем з сабой у наасферу? І далей пералік ідзе. Таго ашчаслівім, а другога на той свет накіруем. Мядзведзя, магчыма, возьмем, бо ён толькі ранняй вясной мяса ўжывае, а потым — вегетарыянец, а ваўка ці там рысь не возьмем. Так вось. А сам ці трапіць туды, малпа дурная? Я чалавека маю на ўвазе. Бо хто ён, як не саманадзейная малпа? І Чарнобыль нічому не навучыў! У наасферу, бач ты, сабраліся. Пакуль тое, дык адны клапы і застануцца. Казаў жа калісьці Дастаеўскі, што вечнасць, магчыма, будзе звычайнай лазняй з павукамі па вуглах!

— Брава! Вось гэта прамова! Ніколі такога і не чуў!