Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 11

Юры Станкевіч

Акцёр пакутаваў, закінуў на нейкі час піць вермут, нават абвясціў, што кароль усіх він — партвейн, але не ўлічыў таго, што бяда адна не прыходзіць. Жонка пайшла ад яго і забрала з сабой сына.

Акцёр пачакаў з тыдзень, а потым накіраваўся да цешчы, дзе жыў цяпер яго «народ», але памілавання пакуль што не атрымаў. Тым не менш сына адпусцілі з ім на дзень, і вось ён тут, на птушыным рынку.

— Пачакай, Ігар, — сказаў Акцёр сыну, — давай спачатку разбяромся, што робіцца на белым свеце.

— Татка, табе абы пасмяяцца!

— Калі вам трэба хамяка, я вас адвяду да свайго сябра, тут недалёка, — параіў Акцёру мужчына са шчанюком тэр’ера за пазухай, — у яго ёсць добрыя экземпляры.

Да іх праціснуўся старэнькі ў лінзах-акулярах, якія трымаліся на буйным носе. Пра такія насы звычайна кажуць: дзюба. Ён агледзеў усіх маленькімі, як у крата, вочкамі, якія здаваліся яшчэ меншымі праз лінзы, і дадаў:

— Паслухайце мяне, не бярыце іх больш як два, бо самкі звычайна адкусваюць самцам хвасты. Паверце, відовішча не з прыемных.

— Хм, — сказаў Акцёр. — Трызню я, ці гэта сон? Якія хвасты? Якія самкі? А вы хто такі?

— Я жыву непадалёку, мяне тут усе ведаюць, завіце проста дзядзька Федзя, — прадставіўся стары. — Я зараз пенсіянер, звычайны мешчанін, як кажуць. Не бачу, дарэчы, у гэтым слове нічога кепскага.

— І я не бачу, — сказаў Акцёр. — Давай да нас, Мешчанін, будзеш нашым дарадчыкам.

Той радасна заўсміхаўся, нібы яго ўзнагародзілі, і стаў побач.

Мешчанін сапраўды жыў побач, у прыватным доме, які чамусьці, як калі-нікалі бывае, не закранулі новабудоўлі, і хата яго з шасцю соткамі зямлі засталася стаяць паміж новымі шматпавярховымі дамамі. Калісьці Мешчанін працаваў аграномам. Дзеці яго раз’ехаліся па свеце, жонка памерла, і Мешчанін займаўся тым, што разводзіў жывёл, выпісваў і вывучаў з гэтай нагоды спецыяльную літаратуру. Птушыны рынак быў яго і горам і захапленнем.

— Кожны тыдзень сюды хаджу, а каб ваўка на продаж прывялі — упершыню бачу, — сказаў Мешчанін.

— Ну, з гэтага дзіва ні гарэлкі, ні піва!

— Чаму, на ўсё пакупнікі знаходзяцца!

— У бога дзён многа — мо хто і купіць.

Прыкметна ўжо развіднела, і восеньскае неба раз-пораз агалялася ад хмар якім сваім кавалачкам, і тады на зямлю, на твары людзей падаў рахманы і недаўгавечны сонечны прамень. Чалавечая стракатая рознагалосіца няспешна віравала навокал. Да іх гуртка звярнуўся высокі, худы мужчына з жоўтым хваравітым тварам.