Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 12

Юры Станкевіч

— У мяне таксама пытанне, — сказаў ён. — Тут, я бачу, ёсць дасведчаныя людзі.

— Што за пытанне? — пацікавіўся Акцёр і працягнуў таму далонь. — Давайце пазнаёмімся, я ж адчуваю — мы інтэлігентныя людзі.

— Міронін, — усміхнуўшыся, сказаў мужчына з жоўтым тварам і дадаў: — А я вас ведаю, бачыў калісьці ў «Рычардзе ІІІ». Я ў машынабудаўнічым тэхнікуме працую, філасофію выкладаю.

— А, дык ты Філосаф, — проста, як старажытны рымлянін, сказаў Акцёр. — А калі так, то растлумач нам, што тут адбываецца. Дзе я, людзі?

— Тата, пакінь!

— Мы з вамі на рынку, — не здзівіўся Філосаф. — А рынак, калі пільна ўгледзецца, — гэта мадэль чалавецтва. Тут людзі на розны густ і ўсе жывёлы з Ноева каўчэга.

— Так, — пацёр далоні Акцёр. — А ты навошта тут?

Філосаф закурыў чарговую цыгарэту.

— Дачка малая захварэла. Кажа, хачу птушку, каб скакала побач і спявала. Мяркую, як цяпер дзіцяці дагадзіць. Хіба ж я ведаю, якую птушку купіць?

— Я дапамагу, — з годнасцю пасунуўся да яго Мешчанін. — Я ў гэтых справах спецыяліст.

— Так, слухаю, — ажывіўся Філосаф.

— Птушкі адрозніваюцца па спосабу харчавання. Адны зерне ўжываюць, другія — насякомых, трэція — мёд, плады ці нават рыбу. Лепш купіць тую, што ўсім пакрыху харчуецца. Напрыклад, сініцу. Я бачыў, тут прадае адзін. Ёй крыху насення, вітамінаў, і яна будзе спяваць. Можа, і не так прыгожа, як канарэйка, але ж і сініца спявачка вядомая.

— А вітаміны якія? — зацікавіўся Філосаф.

— З групы дэ. Калі іх не даваць, птушка загіне. Купіце сініцу. Як у доме без жывёлы?

— Чуеш, тата? — таргануў за рукаў Акцёра сын.

— Толькі ваўка ў дом засталося прывесці, — сказаў Акцёр. — Узрадуецца цешча.

У натоўпе засмяяліся.

— Бадай, згодны на сініцу, — сказаў Філосаф Мешчаніну.

— Зойдзем потым да мяне, я вам і зерня дам на першы час, — адобрыў той.

— Вельмі ўдзячны, — сказаў Філосаф і задумаўся. Ён затушыў недакурак і машынальна закурыў новую цыгарэту. Пальцы ў яго былі жоўтыя ад нікаціну.

Філосафу, як ахрысціў яго Акцёр, было за трыццаць. Але ён усё яшчэ не мог трывала ўладкавацца ў жыцці, што даўно зрабілі яго аднагодкі і былыя аднакурснікі.

Філосаф жыў у інтэрнаце для маласямейных з жонкай і хворай дачкой. Зарабляў ён не так ужо і многа, але мусіў, як шмат такіх жа гаротнікаў, трываць, пакуль не атрымае кватэру. Птушыны рынак, які ён бачыў упершыню, зрабіў на яго моцнае ўражанне. Ён ніколі б і не здагадаўся, што ў вялікім горадзе побач з людзьмі і незаўважна ад іх можа існаваць столькі жывых істот, якіх прынеслі, прывялі ці прывезлі сюды людзі, каб прадаць, абмяняць ці неяк інакш спажыць для сваёй карысці. Філосаф і сам пакутаваў ад хваробы, — парадантозу, — у яго днямі вырвалі некалькі зубоў, настрой у яго быў кепскі. Але воўк на ланцугу, хмарнае халоднае наваколле і хвароба — усё гэта нейкім чынам уносіла ў яго душу адзіны сумны матыў і чамусьці супакойвала.

— Воўк увогуле лішняе звяно ў прыродзе, — звярнуўся Філосаф да Карнюшкі, — а калі ён усё-такі існуе, то павінен жыць там, дзе нарадзіўся.