Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 15

Юры Станкевіч

12 гадзін

— Пара.

Мастак апрануў на світэр куртку, зверху штармоўку і ўскінуў за плечы рукзак.

Рыта таксама пачала апранацца.

— Правяду цябе крыху, усё роўна ў магазін трэба.

Мастак паморшчыўся, але кіўнуў у знак згоды — ён не любіў праводзін.

Яны выйшлі на вуліцу, і халодны паўночны вецер адразу накінуўся на іх, разлахмаціў валасы. Між дамоў, нібы ў аэрадынамічнай трубе, ён быў асабліва дакучлівы і ўчэпісты.

— Што, пойдзеш праз рынак?

— Рынак не яма — пайду прама…

Яны спыніліся ля таго месца ў агароджы, дзе жалезны прут быў выламаны і да дзіркі вяла сцежка. Туды і назад пралазілі час ад часу людзі.

— Так бліжэй, адразу на прыпынак выйду. Мастак прыхіліў да сябе жонку. Яе нос даставаў якраз да верхняга гузіка яго штармоўкі.

— Мужчыны не ведаюць, што такое чакаць, — сказала Рыта. — Я баюся чамусьці.

— Прымхі, — усміхнуўся Мастак. — А калі б ты была жонкай марака, бортправадніка ці футбаліста?

Ён махнуў рукой і палез у дзірку. Амаль праз дзесятак крокаў плынь рынку праглынула яго. Нейкі маладзецкага выгляду дзяцюк адразу прапанаваў яму ношаныя боты за пяць рублёў і ватоўку за чырвонец; пацягнуліся рады гандляроў-кааператараў, падлеткі са шчанюкамі, дзядзька з вавёркай у дротавай клетцы. Таксама ў клетцы, толькі драўлянай, прадавалі ястраба з падразанымі крыламі. З кардонных скрынак вытыркаліся трусіныя вушы. З другога канца рынку чутны быў енк — прывезлі свіней.

Мастак ямчэй ускінуў рукзак і пайшоў праз натоўп, часам спыняючыся і ўглядаючыся ў тое, што міжволі цікавіла яго. Спачатку, як толькі яны з Рытай атрымалі ў гэтым раёне кватэру, ён часта заходзіў сюды — паназіраць. Але выгляд жывёл, якіх пазбавілі волі, быў яму непрыемны. Тым не менш Мастак скіраваў у той бок, дзе была пакінутая будка шаўца — там ён убачыў людзей, якія схлупіліся разам, і пацікавіўся: што прадаюць? Ён ужо некалькі разоў пачуў слова «воўк». Мастак праціснуўся бліжэй і сапраўды ўбачыў на ланцугу ваўка. Ён згледзеў, што гэта быў даволі буйны экземпляр. Блукаючы ў запаведніку, ён бачыў аднойчы такіх жа, толькі вольных, якія прамільгнулі на ўскрайку лесу і зніклі бязгучна, як цені. Ён успомніў, што, здаецца, чуў ад некага пра тое, быццам у адной з навакольных вёсак трымаюць ваўка, але ж такія выпадкі былі нярэдкія. Здаралася, ваўкоў гадавалі леснікі.

Мастак пачуў: людзі вакол жывёліны ўсхвалявана спрачаюцца. Ён прыслухаўся.

— Ты б, дзядзька, выпусціў свайго звера ў лес, — гаварыў высокі ўсмешлівы хлопец, якога тут звалі Студэнтам, — а мы цябе ўхвалілі б.

— Тата, — падтрымаў Студэнта Ігар, — няхай яго адпусцяць!