Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 14

Юры Станкевіч

Да іх купкі, а некаторыя, паглядзеўшы на Лупа, разыходзіліся, падышоў малады хлопец. Высокі, сутулаваты, ён з цікавасцю агледзеў ваўка і людзей навокал жоўтымі, шырока расстаўленымі вачыма. Светлыя валасы яршом стаялі над яго лобам.

— Іш, ваўчара, — сказаў ён ласкава. — Прадаецца?

— Купі, — вяла прапанаваў Карнюшка.

— Няма купіла, — усміхнуўся той.

Акцёр заўважыў:

— Вочы ў цябе і ваўка падобныя, аднолькавыя, ці што.

— Я ж не звяруга які, а звычайны студэнт. Так вось, дзядзька.

— Калі адзін від занадта размножыцца, то ён натуральна пагражае іншым, — зноў пачаў мужчына з тэр’ерам, — а вось што з ім самім потым будзе?

— Пакуль такое назіраецца толькі за чалавекам, — сказаў Акцёр.

— Я гадоў пяць таму і трусоў біў, і свінню мог шылам у сэрца, а цяпер не, не магу, — умяшаўся раптам Студэнт. — Прыеду ў вёску да маці, да сваякоў і, як ні ўпрошваюць, не магу.

Студэнт паглядзеў на Лупа, сустрэўся з ім позіркам і адвёў вочы першы. Ён раптам успомніў, адкуль ідзе, з кім быў некалькі гадзін запар, і нібы гарачая хваля падступіла яму да сэрца. Студэнт быў закаханы і правёў ноч са сваёй дзяўчынай, але вымушаны быў рана пайсці ад яе, бо яна жыла ў асобным пакойчыку ў інтэрнаце, куды ён вечарам ледзь-ледзь прайшоў, бо пасварыўся з вахцёркай. Цяпер ён быў у тым асаблівым узрушаным настроі, калі хочацца зрабіць нешта добрае, значнае, і забрыў сюды, на рынак, проста так, але смела далучыўся да падзей, якія разгортваліся перад ім у гэтым кутку, адкуль пабліскваў на яго вачыма воўк, да якога ён таксама адчуваў нейкую незразумелую сімпатыю.

— Пэўна, з узростам, са свядомасцю прыходзіць і спачуванне, — сказаў Акцёр.

— У каго як, — кпліва кіўнуў на Карнюшку Мешчанін.

Карнюшка зразумеў:

— А ён што, травой харчуецца? На волі толькі і робіць, што забівае!

Філосаф пакратаў зуб і паморшчыўся.

— У яго праграма — санітарныя функцыі выконваць, ён жа драпежнік. Але ў наш час ён не патрэбны.

Мешчанін захваляваўся:

— А многа іх у нас, ваўкоў? Ну, тысяча ў рэспубліцы, не больш. А сабак у горадзе тысяч трыццаць будзе, а на Зямлі, чытаў, больш як паўмільярда. Колькі яны таго ж бялку з’ядаюць?

Філосаф падумаў і прызнаў:

— Так, ланцуг — гэта занадта. Забі, а не катуй.

— Дзіўная логіка, — усміхнуўся Студэнт.

— А ты ведаеш, што такое воля? — раптам пыхліва спытаў Карнюшку Акцёр, і ўсе навокал заківалі галовамі, загаманілі: «Так, так, воля…»

— Вам, вучоным, відней, — сказаў Карнюшка.

— Дык вось, воля, — Акцёр на секунду задумаўся, усміхнуўся і працягваў шматзначна, — воля — гэта пазнаная неабходнасць!

Ён узняў палец і звярнуўся да Філосафа:

— Правільна я кажу?

— З погляду класікаў правільна.

Мешчанін пакутліва зморшчыў лоб і хацеў нешта сказаць, але яго апярэдзіў Студэнт.

— Давайце прымем радыкальнае рашэнне і пакараем яго за пазбаўленне волі, — Студэнт кіўнуў на Карнюшку.

— Не маеш права, — узлаваўся той, тым не менш ашаломлены неспадзяваным націскам.

Луп па-ранейшаму стаяў спінай да плота і раўнадушна пазіраў на натоўп. Ён амаль супакоіўся, але быў усё-такі насцярожаны, бо нешта падказвала яму, што ўвесь гэты гармідар мае дачыненне да яго. Ён адчуваў моцны голад, але Гаспадар не думаў пакуль што карміць яго. Яму хацелася легчы, бо ён стаміўся, але падсвядомае адчуванне сваёй выключнасці, нейкай засцярогі перашкаджалі яму. Луп трываў, чакаў, калі ўсё скончыцца і Гаспадар пойдзе з ім дамоў ці куды-небудзь яшчэ. Ён прывык трываць. Прама перад сабой ён бачыў хлопчыка (гэта быў сын Акцёра), які ўвесь час сустракаўся з ім позіркам, і Луп пакрысе пачаў адчуваць нейкую раздражнёнасць.