Читать «Жуль Верн» онлайн - страница 6

Іван Навуменка

Цяпер, на адлегласці, якая аддзяляе ад тых далёкіх дзён, цяжка ўспомніць усе падрабязнасці. Хутчэй за ўсё географ выдзеліў нашага аднакласніка за яго нейкую нястрымную і ненасытную цікаўнасць. Комін не мог пражыць дня без якога-небудзь захаплення. Цяжка было ўгадаць, што яго зацікавіць заўтра. Ён мог захапіцца якой-небудзь драбязой і дакучаць ёю і нам, і настаўнікам хоць цэлы тыдзень.

Бацька Коміна працаваў цесляром і будаваў новыя дамы то ў нашым пасёлку, то ў суседнім саўгасе, то на торфазаводзе. Па гэтай прычыне і ў Рэя не было сталага жыхарства. Год ці паўтара ён жыў там, дзе працаваў бацька, але школы не мяняў. Адзін час, зімою, Рэй прыходзіў на заняткі з саўгаса за шэсць кіламетраў.

Можа, таму, што Комін болей за нас вандраваў па ваколіцах, палях і лясах, ён назапасіў так многа цікаўнасці. Аднойчы ён запытаў у географа, за колькі часу можа нарасці на балоце метр торфу. Антон Антонавіч не здолеў адказаць. Такое з ім здарылася ўпершыню. Ён збянтэжыўся і паабяцаў расказаць пра торф у другі раз.

Антон Антонавіч споўніў абяцанне праз дзень. Тады Рэй устаў з-за парты і голасна заявіў, што балоту, якое называлася Багінскі Мох, дзесяць тысяч гадоў. Торфам з Багінскага Моху, дзе яго капалі на паліва, карысталіся ўсе, але ніхто не ведаў, што ён такі старажытны.

А ў хуткім часе Рэй прынёс у клас пачарнелае, цвёрдае як камень сцябло нейкай расліны. Ён здабыў яго з чатырохметровай балотнай глыбіні і выхваляўся, што яго знаходцы пяць тысяч гадоў.

3 Рэем звязана старонка жыцця, пачатак якой не хацелася б успамінаць. Чамусьці, нягледзячы на тое, што Антон Антонавіч хваліў яго болей за ўсіх, у класе хлопца любілі не вельмі. Можа, у гэтым таілася самая звычайная зайздрасць, якой здольны паддавацца адразу многія, а можа, была якая-небудзь іншая прычына. Ва ўсякім разе сам Рэй не крыўдзіў нікога. Ён любіў парагатаць, мог каго-небудзь злёгку падкалоць, але такія грахі меў за сабой кожны з нас.

Я не любіў Рэя таксама. Мяне ставілі ў прыклад многія настаўнікі, а той, перад кім я найболыл схіляўся і чыёй пахвалы гэтак прагнуў — Антон Антонавіч,— абраў сваім героем зусім другога. Хвілінамі мяне апаноўвала злосць на географа. Чаму ён не бачыць, што ў гэтага Рэя сем пятніц на тыдні, што ён — ветрагон і баламут, які заўтра ж забудзе геаграфію, калі стрэне што-небудзь цікавейшае?

Больш, чым каго з настаўнікаў, я любіў Антона Антонавіча, і больш, чым хто, прымушаў ён мяне пакутаваць...

Рэй не ўваходзіў у нашу суполку, якая абменьвалася рэдкімі кнігамі, і, вядома, не праглынуў столькі томікаў Жуля Верна, колькі мы. Але аднойчы мы дачуліся, што менавіта ён з'яўляецца ўладаром аповесці таго ж Жуля Верна пад назвай «3 гарматы на Месяц». Мы ведалі, што такая кніга ёсць, але ніхто з нас нават не трымаў яе ў руках. Ад гэтага яшчэ больш распалілася жаданне завалодаць кнігай. Яна ўяўлялася самай цікавай з тых, што мы прачыталі. 3 гарматы на Месяц! Хіба ж у такой аповесці магла ісці гутарка пра звычайныя рэчы?

Рэй рашуча адмовіўся даць кнігу. Ён не ішоў ні на якія ўступкі, не хацеў абмену, не верыў у самыя шчырыя клятвы. Комін ведаў, з кім мае справу. I ён не памыляўся. У тым, што датычыла кніг, суполка не прызнавала ніякіх правіл сумлення. Абы завалодаць кнігай, а там трава не расці!.. Самыя цікавыя кнігі былі ў нас, і мы іх з рук не выпускалі...