Читать «Жуль Верн» онлайн - страница 5

Іван Навуменка

Але былі сярод нас і слабыя...

—  Кірыла Бомзель, — выклікаў назаўтра майго суседа Антон Антонавіч. — Пакажы Сахару і раскажы, што ты пра яе ведаеш.

Кірыла ляніва ўставаў з самай задняй парты, за якой ён сядзеў, і медзведзяватай паходкай ішоў праз увесь клас да карты. Карта была нямая, і Кірылава ўказка ў пошуках Сахары блукала недзе па прасторах Ледавітага акіяна. Па класе поўз прыдушаны смех. Нарэшце Кірыла спыняў пошукі, апускаў кудлатую галаву і калупаў указкай насок чаравіка.

—  Не можаш знайсці Сахары, — стараючыся быць ветлівым, гаварыў географ. — Ну, тады раскажы, што ты пра яе ведаеш.

—  У Сахары горача,— пачынаў Кірыла і, насупліваючыся, змаўкаў. Пра Сахару ён болей нічога не памятаў. Ён стаяў абыякавы, прыціхлы і пазіраў некуды ў акно. Але так лёгка адступіцца ад някемлівага вучня географ не жадаў. Ён хацеў разбудзіць яго інтарэс.

—  Можа, ты ведаеш, што ёсць карыснага ў Сахары? — данытваўся Антон Антонавіч.

—  Там ёсць змеі. Яны вельмі кусучыя,— паведамляў Кірыла і цяпер ужо змаўкаў канчаткова.

Кірыла ў Сахару не збіраўся. Па свеце ён разам з намі не вандраваў. Гэта было ясна.

—  Садзіся, вельмі дрэнна, — ужо злосна гаварыў географ.— Гэта твой пяты кол у чвэрці. Здаецца ж, нармальны чалавек: галава, рукі, ногі, як у людзей, а ведаў ніякіх. Завошта цябе бацька корміць хлебам? Што з цябе будзе?..

Кірылава няласка да навукі была дробяззю ў параўнанні з тым радасным, захапляючым, што прыносіў нам кожны ўрок. Свет быў вялікі, агромністы, разнастайны. Ён быў створаны для нас. 3 падземных глыбінь білі гаючыя ключы, яны маглі паставіць чалавека на ногі, калі ён знямогся ў дарозе. Зямля прыхавала для нас нафту, вугаль, золата: гэта трэба толькі знайсці. Зямля шанавала тых, хто шукае, хто служыць ёй. Засмяглая Сахара бралася пракарміць усё чалавецтва, дай ёй толькі вады! Неспакойны вецер гатоў быў круціць усе млыны і рухавікі, толькі іх пабудуй! Упартыя рэкі маглі пацячы куды хочаш — перасячы іх шлях плацінамі. Усё ў тваёй уладзе, чалавек!..

VI

Урокі геаграфіі былі святам. Але той, хто дае найвялікшую радасць, можа прынесці і самае вялікае гора. Я любіў Антона Антонавіча, для мяне ён быў незвычайны чалавек. Я ставіў яго вышэй за ўсіх астатніх настаўнікаў, а да ўрокаў геаграфіі рыхтаваўся як да ўрачыстасці. Ні разу не запнуўся я пры адказе, і калі б мяне разбудзілі нават ноччу, я пералічыў бы ўсе рэкі, горы, нізіны любога кантынента. I ўсё-такі не я быў першы вучань па геаграфіі. Не мяне выдзеліў Антон Антонавіч, і не мяне хваліў ён перад усім класам.

Шчасліўцам быў Андрэй Камінскі, скарочана — Рэй або Комін, як звалі яго мы. Нічога асаблівага не знаходзіў я ні ў яго знешнасці, ні ў адказах, ні нават у ведах. Рэй, на першы погляд, выглядаў бесклапотным рагатуном, якому проста шанцавала. Здаралася, што ён збіваўся, калі адказваў, мог пераблытаць назву ракі або гары. Мог нават не вывучыць урока. Але Антон Антонавіч яго хваліў і ўзносіў да неба. За што?