Читать «Жуль Верн» онлайн - страница 7

Іван Навуменка

Верхаводзілі ў суполцы сямікласнікі. Тыя ж, хто вучыўся ў шостым класе, былі на правах бедных родзічаў. Ім кніга давалася на адну ноч, а здаралася, што іх зусім абыходзілі. Мы, шасцікласнікі, вылазілі са скуры, каб выслужыцца.

Выкрасці ў Рэя Жуля Верна даручылі мне...

Першы план праваліўся. Перахапіць кнігу ў каго-небудзь з тых, каму Рэй яе даваў чытаць, не ўдалося. Комін адчуў, што за яго Жулем Вернам палююць, і трымаў кнігу дома.

Тады прыйшлося прасіць дапамогі ў Кірылы. Яму было напляваць на Жуля Верна, але ён згадзіўся здружыцца з Рэем, каб здабыць кнігу. Але і з гэтага нічога не выйшла. Кірыла швэндаўся на торфазавод, дзе жыў Комін, стараўся да яго паддобрыцца, нават удзельнічаў у нейкіх раскопках, але Рэй яму не верыў.

Усё ж Кірыла саслужыў нам сваю службу. Ён выведаў, што малодшы Рэеў брат Іван вельмі цікавіцца агнястрэльнай зброяй. Ён вучыўся ў другім класе, але ў яго вучобе якраз быў часовы перапынак. Іван знайшоў дынамітны патрон, якім узрывалі пні, і паспрабаваў ім вывернуць дуб. Дуба ён не паваліў, але сваё правае вока страціў назаўсёды, бо не ўмеў як след карыстацца дынамітам. Па гэтай прычыне Іван і не хадзіў у школу, яго вока яшчэ не зажыло.

Было ясна, што з такім хлопцам, як Іван, кашу зварыць можна. Нягледзячы на сваю няўдачу з дынамітам, Іван не страціў ваяўнічасці і страшэнна любіў страляць. За порах ён мог зрабіць усё, што хочаш.

Нядзельным майскім ранкам мы з Кірылам падышлі да Рэевага двара. Самога Коміна дома не было: гэта мы ведалі дакладна. Аднавокі Іван сядзеў на верхняй перакладзіне варот і боўтаў нагамі. Якой-небудзь разум най прычыны сядзець у такі ранні час на варотах, вядома, не было, але ж не ўсё тое, што робіцца на свеце людзьмі, можна назваць разумным.

Мы прынеслі Івану васьмушку пораху, і, убачыўшы яго, ён аж задрыжаў ад узбуджэння. Без ніякіх ваганняў ён вынес нам кнігу Жуля Верна.

Рэю быў нанесены ўдар у самае сэрца...

VII

Але менавіта ўкрадзены Жуль Верн зблізіў мяне з Рэем.

Назаўтра я прыйшоў у клас з выглядам пераможцы. Мне вельмі хацелася паглядзець, як будзе трымаць сябе Рэй, будзе ён прасіцца, плакаць ці помсціць. Я гарэў нецярпеннем хутчэй сутыкнуцца са сваім праціўнікам і, вядома, убачыць яго прыніжаным і разбітым...

Рэй не даў поваду для радасці. Ён нікому не сказаў пра кнігу, і толькі па яго пахмурнаму твару можна было здагадацца, што ён усё ведае. Яго знарок зачэплівалі, падкалвалі, але ён маўчаў, як быццам не было ні кнігі, ні палявання за ёй, ні гандлю з ахвочым да пораху яго братам Іванам. Пра такі канец ніхто з нас не думаў.

Так Цягнулася тыдзень, другі, трэці. 3 усімі тымі, хто памагаў выкрадаць Жуля Верна, ён размаўляў, як і раней, і ў яго голасе не чулася ні пагрозы, ні злосці. Гэтая высакароднасць збоку Рэя неяк абяззбройвала.